Кім быў Аляксандр Мілінкевіч. Біяграфія палітыка

Аляксандр Мілінкевіч

Аляксандр Мілінкевіч / Euroradio

Аляксандр Мілінкевіч у 2006 годзе стаў апанентам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Незадоўга да гэтага Лукашэнка перапісаў пад сябе Канстытуцыю і дазволіў сабе пайсці на трэці тэрмін. Мілінкевіч паспрабаваў яму перашкодзіць.

У той год прыхільнікі Мілінкевіча насілі блакітныя стужачкі, а пратэсты, якія ўспыхнулі пасля выбараў, называлі “васільковай рэвалюцыяй”. Гэта тады беларусы сталі выкарыстоўваць слова "плошча". Гэта тады яны разбілі намётавы гарадок і тыдзень заставаліся на Кастрычніцкай плошчы, каб апратэставаць вынікі выбараў.

Але ЦВК сказаў, што Мілінкевіч набраў толькі крыху больш за 6% галасоў. А вось еўрапейскія назіральнікі заявілі аб масавых фальсіфікацыях падчас галасавання.

Расказваем біяграфію аднаго з самых інтэлігентных палітыкаў у гісторыі сучаснай Беларусі.

 

Вучоны, спадчыннік рэвалюцыянераў і ... чэмпіён па баскетболе!

Аляксандр Мілінкевіч родам з Гродна. Ён нарадзіўся ў сям’і заслужанага настаўніка, а яго прадзед і прапрадзед удзельнічалі ў паўстанні 1864 года — і за гэта былі рэпрэсаваныя царскімі ўладамі.

Мілінкевіч скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, працаваў школьным настаўнікам. А потым стаў аспірантам Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. З гэтага навуковая кар'ера Мілінкевіча толькі пачалася.

Ён аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама па гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі. Працаваў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта і нават загадчыкам кафедры фізікі ў... Алжыры.

І пры ўсіх гэтых навуковых дасягненнях Аляксандр Мілінкевіч займаўся яшчэ і спортам — стаў чэмпіёнам БССР па баскетболе.

Ідэя Х з Аляксандрам Мілінкевічам

Адмовіўся быць кандыдатам, але падтрымаў іншых

Кар’ера Мілінкевіча ў палітыцы пачалася задоўга да яго рашэння стаць прэзідэнтам. У пачатку 90-х ён быў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама, працаваў там па лініі адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, медыя.

Перш чым стаць кандыдатам у прэзідэнты ў 2006 годзе, Мілінкевіч быў кандыдатам на выбарах у Палату прадстаўнікоў у адной з акругаў Гродзенскай вобласці. Але выбралі тады аднаго з памочнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Дарэчы, Мілінкевіч мог бы стаць кандыдатам ад апазіцыі ў 2010 годзе, ён і планаваў гэта зрабіць — але раздумаў. У беларускай апазіцыі тады не было адзінства, у выбарах удзельнічалі 9 апазіцыйных кандыдатаў. Праз гэтую раздробненасць і праз упэўненасць у тым, што ЦВК усё роўна ўсё сфальсіфікуе, Мілінкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у гонцы. Але падтрымаў трох іншых кандыдатаў.

У 2017 годзе Мілінкевіч разам з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч зарэгістраваў у Варшаве фонд “Вольны беларускі ўніверсітэт”. Дарэчы, Мілінкевіч працаваў над аднаўленнем вежавых гадзіннікаў у Гродне — ім паўтысячагоддзя, і гэта адны з самых старых гадзіннікаў у Еўропе. Ён жа ініцыяваў пошук і вывучэнне рэшткаў пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Летась Мілінкевіч перанёс аперацыю на соннай артэрыі. Калі адтуль выдалілі тромб, пачаўся моцны крывацёк. Палітык трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане. З лістапада ён аднаўляўся пасля аперацыі ў лякарні.

Аляксандра Мілінкевіча не стала 11 жніўня. Яму было 79 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.