Ярмоленка, Ціхановіч і Раінчык ацанілі “мастацкі ўзровень” “Крамы”

Міністэрства культуры адмовіла “Краме” ў правядзенні канцэрту, спаслаўшыся на “нізкі мастацкі ўзровень музыкаў”. Рэдакцыя “Еўрарадыё” патэлефанавала зоркам беларускай эстрады, каб дазнацца, як яны ацэньваюць мастацкі ўзровень легендарнага рок-гурта. Ці сапраўды “Крама” не вартая калі не дзяржаўнага прызнання, дык хаця б дазволу на канцэрт?
На пытанне “Як вы ацэньваеце мастацкі ўзровень гурта “Крама”?”, Міхаіл ФІНБЕРГ адказаў досыць сціпла: "Нічога дрэннага пра гэты гурт сказаць не магу".

Васіль РАІНЧЫК: "“Крама” вельмі падабаецца. Дый наогул я яе лічу самым прыгожым гуртом".

Іна АФАНАСЬЕВА ўпэўненая, што гурт “Крама” – сапраўдныя беларусы:
“Мне яны заўсёды падабаліся. Гэта ўсё ж такі самыя першыя нашы, самыя што ні ёсць сапраўдныя беларусы”.

Спадарыня Афанасьева зацікавілася прэзентацыяй новага альбому “Крамы”: “Я з задавальненнем прыйду”.

Аляксандр ЦІХАНОВІЧ мяркуе, што “Крама” нават сёння знаходзіцца ў авангардзе беларускай рок-музыкі:

“Па-першае, гэта адзін з першых беларускіх рок-гуртоў. Тых, якія з’явіліся ўжо ва ўмовах постсавецкай прасторы. Гурт, які вельмі своеасаблівы”.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА
лічыць “Краму” найлепшым рок-гуртом Беларусі, ганарыцца сумеснай работай з музыкамі (нагадаю, што ў 1996 годзе “Крама” і Ярмоленка спявалі разам “Гомельскі вальс”). А сам Ігар Варашкевіч, на думку мэтра, “талковы хлопец”.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА
: “Гэта адзін з найцікавейшых рок-гуртоў Беларусі. І працавалі мы разам, калісьці нашыя шляхі перакрыжоўваліся, я нават спяваў з імі песню. Гэта, на маю думку, цікавы і добры калектыў. То бок у авангардзе рок-гуртоў, якія ў нас можна пералічыць на пальцах, гэта ў першай тройцы. І Варашкевіч таксама вельмі здольны і талковы ў сваім жанры. Як музыка, я яго цаню”.

Ірына ДАРАФЕЕВА
не толькі паважае гурт “Крама” як музыкаў і прафесіяналаў, але і не хавае таго, што яна даўняя прыхільніца калектыву. На думку спявачкі, крамаўцы – малайцы, бо не здрадзілі сабе і сваёй музыцы.

Ірына ДАРАФЕЕВА
: “Я магу сказаць, што мне вельмі падабаецца іх прафесійны ўзровень і выканаўчае мастэрства. І ў цэлым я як слухач люблю гэты гурт, таму што яшчэ ў дзяцінстве ў горадзе Магілёве была на якімсьці з іх самых першых канцэртаў, які праходзіў проста на адкрытай пляцоўцы. Пасля гэтага на “Рок-каранацыі” слухала іх.

І ў цэлым магу сказаць, што яны проста малайцы. Так доўга трымацца і не здраджваць сабе могуць далёка не ўсе”.

Спявачка радасна сустрэла навіну пра новы альбом “Крамы” і чакае запрашэння на канцэрт: “Мне б было вельмі прыемна туды трапіць. Буду з нецярплівасцю чакаць запрашэння”.

Рэдакцыя Еўрарадыё з такой самай нецярплівасцю чакае канцэрту “Крамы” і выказвае падзяку сучасным беларускім зоркам эстрады за адэкватнае стаўленне да гурта.

Дарэчы, Фінберг, Ціхановіч, Раінчык і Ярмоленка ўваходзілі ў склад журы беларускага адборачнага тура на "Еўрабачанне".


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі