Вы тут

"Яндэкс" можа пераехаць у Ізраіль

Кампанія "Яндэкс" зарэгістраваная ў Нідэрландах і не трапляе пад санкцыі, але нясе сур'ёзныя эканамічныя страты / Фота з сацсетак

Расійская кампанія "Яндэкс" можа пераехаць у Ізраіль. Заснавальнік і генеральны дырэктар прадпрыемства Аркадзь Волаж звярнуўся да ізраільскага прэм'ер-міністра Нафталі Бенета з просьбай пасадзейнічаць у рэлакацыі.

"Я прыняў рашэнне зрабіць Тэль-Авіў штаб-кватэрай кампаніі і прывезці ў краіну сотні праграмістаў — інжынераў і спецыялістаў па тэхналогіях", — прыводзіць вытрымкі з ліста Волажа Бенету ізраільскі рэсурс calcalist.co.il. Копіі ліста, паводле дадзеных СМІ, атрымалі таксама міністр фінансаў Авігдор Ліберман, кіраўнік МУС і міністр навукі і тэхналогіі.

Волаж просіць пра працоўныя візы для супрацоўнікаў-негабрэяў, якія не маюць права на рэпатрыяцыю, а таксама "падаць дакументы для рэлакацыі супрацоўнікаў, якія валодаюць расійскім грамадзянствам".

У пачатку сакавіка ў ізраільскіх СМІ ўжо з'яўляліся паведамленні, што кіраўніцтва "Яндэкса" (Yandex) вывучае магчымасці пераводу ў Ізраіль свайго цэнтра даследаванняў і распрацовак. Гэта каля 800 чалавек. Аднак тады гаварылася, што ўвоз такой колькасці замежных спецыялістаў наўрад ці магчымы.

Нагадаем, кампанія "Яндэкс" афіцыйна зарэгістраваная ў Нідэрландах і не трапляе пад міжнародныя санкцыі, але цяпер праз санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, нясе вялікія эканамічныя страты.

У Ізраілі таксама працуе прадстаўніцтва "Яндэкса". Там, паводле дадзеных медыя, занятыя каля 450 супрацоўнікаў. Найбольш вядомымі праектамі кампаніі ў Ізраілі лічацца таксі, дастаўка ежы і пракат электрасамакатаў.

Пазней расійскае агенцтва "РИА Новости" паведаміла са спасылкай на заяву кампаніі, што "Яндэкс" не плануе пераносіць сваю штаб-кватэру з Масквы ці перавозіць каманду з Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.