Якія змены чакаюць беларусаў з 1 студзеня 2016 года

Якія змены чакаюць беларусаў з 1 студзеня 2016 года

1 студзеня 2016 года беларусы адзначаць не толькі Новы год, але і шэраг зменаў у сацыяльна-эканамічным жыцці. З першымі ўдарамі курантаў у краіне да 210 тысяч вырасце базавая велічыня, а, адпаведна і ўсё, што да яе прывязана. З непрыемнага — павялічыліся сумы штрафаў і пошлін. З радаснага — выраслі стыпендыі і сацыяльныя дапамогі.

Напрыканцы 2015 года парадавала дзяржава і паведамленнем пра павышэнне мінімальнага заробку. У новым годзе беларусы пачнуць жыць ледзь не на 200 тысяч багацей. Цяпер за месяц руплівай працы вашы дырэктары і бухгалтары не змогуць плаціць вам менш за 2,3 мільёна рублёў.

Мінімальны заробак з 1 студзеня складзе 2,3 мільёна рублёў

З іншага боку, заробкі можна было б пакінуць і на ранейшым узроўні, бо з 1 студзеня ў беларусаў можа цалкам знікнуць такі артыкул расходаў, як рэчавыя рынкі. Прэзідэнцкі Указ №222 абавязвае прыватных прадпрымальнікаў мець сертыфікаты якасці на ўвесь тавар. Але іпэшнікі папросту не могуць іх атрымаць.

“У нас спыняюцца абодва рынкі і два цэнтры, — кажа старшыня савета рынку ў Маладзечне Тамара Багачова. — Мы напісалі заяву ў выканкам, так бы мовіць, паведамілі ім, каб яны не лаяліся на дырэктараў гэтых гандлёвых аб’ектаў. Раней ведаеце, як было? Яны ціснулі на дырэктараў, каб людзі выходзілі працаваць. А цяпер мы патлумачылі, што ў сувязі з 222-м указам не маем патрэбных дакументаў і не можам у такіх абставінах працягваць дзейнасць”.

Як склаўся лёс іпэшнікаў, якія абмяркоўвалі свае праблемы з Лукашэнкам

Пад пагрозай знікнення ў 2016 годзе апынуцца і дробныя прыватныя станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў. У Беларусі пачынаюць дзейнічаць новыя правілы рэалізацыі машын і запчастак дылерамі любой краіны Мытнага Саюза. У сувязі з гэтым спіс запчастак для легкавых аўтамабіляў, якія падлягаюць сертыфікацыі, павялічваецца з 12 да 118 пазіцый і пачынае распаўсюджвацца на грузапасажырскія ды грузавыя транспартныя сродкі.

“Няма неабходнасці праводзіць стратную працэдуру сертыфікацыі падкрылкаў ці пырскавікоў, — здзіўляецца намеснік старшыні "Беларускай Навукова-прамысловай асацыяцыі" Сяргей Варывода. — Яшчэ адно пытанне: а дзе праводзіць гэтую сертыфікацыю? Толькі ў акрэдытаваных на саюзным узроўні лабараторыях. Бо ў Беларусі няма лабараторый для ўсяго гэтага спісу. Адпаведна, давядзецца звяртацца ў выпрабавальныя лабараторыі той жа Расіі. Для малога бізнесу гэта вельмі складана і стратна”.

Новы тэхрэгламент Мытнага саюза можа знішчыць невялікія СТА

У 2016-м стане яшчэ больш бяспечным карыстанне інтэрнэтам у Беларусі. Нашы правайдары пачнуць цягам года захоўваць звесткі пра тое, на якія сайты ходзяць карыстальнікі. Такая мера прадугледжаная пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі №6 ад 18 лютага 2015 года. Акрамя таго, будуць захоўвацца звесткі пра ўсе паслугі электрасувязі, актываваныя карыстальнікам інтэрнэт-паслуг, а таксама дата, час пачатку і заканчэння злучэнняў, унутраны і знешні IP-адрасы і парты канцавой абаненцкай прылады (тэрмінала), даменнае імя або IP-адрас і порт інтэрнэт-рэсурсу, які наведваў карыстальнік, аб'ём перададзеных і прынятых дадзеных. Дзеля чаго гэта патрэбна, уцямных тлумачэнняў няма, але дакладна тое, што новаўвядзенне накіраванае на арганізацыю яшчэ большай бяспекі карыстання інтэрнэтам.

Падаражэюць цыгарэты

1 студзеня падаражэюць некаторыя віды цыгарэт. Падаражанне складзе ад 200 да 2000 рублёў. 
На 200 рублёў падаражаюць цыгарэты Кронан, Мінск і іншыя. 
На 300 рублёў — Portal ONE. 
На 1 тысячу — Luckies, Kent, Vogue, Oscar, Cooper Super Slims Red і Gold. 
На 1300 — Cooper Gold і Cooper.
Падаражанне закране і цыгарэты вытворчасці "Табак-Інвест", а таксама імпартныя маркі. Падрабязнасці па спасылцы.

Правайдары будуць захоўваць звесткі, на якія сайты хадзілі карыстальнікі

Калі ж з нейкай незразумелай прычыны вы не жадаеце, каб інфармацыя пра наведаныя вамі сайты дзесьці захоўвалася, проста не карыстайцеся інтэрнэтам. На гэтым вы толькі выйграеце, бо ў студзені беларусам прыйдзе першая жыроўка, у якой аплата за скарыстаную электрычнасць, газ і ацяпленне павялічыцца на 20%.

Падатак на выйгрыш

З 1 студзеня выйгрыш у казіно і іншыя азартныя гульні будзе абкладацца падаткам у 4%. Пры гэтым падатку на выйгрыш у дзяржаўныя латарэі не будзе.

 

Падаражэе камуналка

З 1 студзеня ПДВ (20%) уключаць у кошт газу і электрычнасці, што выкліча іх падаражанне.

Акрамя таго з 1 студзеня ў Беларусі адменяць падатковыя ільготы з працэнтаў па дэпазітах, з выйгрышаў, а таксама адменяць ільготы па транспартным падатку для пенсіянераў.

Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні са стабільна мірным небам над галавой і снежным святочным надвор’ем. З Новым годам, сябры!

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі