Якія скаргі разглядае прэзідэнт?

Еўрарадыё даведалася, што Адміністрацыя прэзідэнта вырашае
скаргі на жыллёвыя пытанні, рамонт дарог і газіфікацыі. У панядзелак кіраўнік дзяржавы змяніў парадак разгляду зваротаў грамадзян: праз 3 месяцы
ўжо нельга будзе паскардзіцца ў рэспубліканскія органы кіравання і
Адміністрацыю прэзідэнта.

Еўрарадыё вырашыла
даведацца: куды скардзіцца? Мы патэлефанавалі ў аддзел па зваротах грамадзян Адміністрацыі прэзідэнта з выдуманай
праблемай: жыхароў дома Фрунзенскага раёна не задавальняе праца ЖКГ. І вырашылі
адразу ж напрамую звярнуцца ў самыя вышэйшыя
органы. Нечакана даведаліся, што калі скаргу накіраваць у Адміністрацыю – гэта
толькі адцягне вырашэнне пытання на цэлы тыдзень.


Супрацоўнік аддзела:
У вас няма адказу ні
райвыканкаму, ні аблвыканкаму. Навошта тады вам пасылаць скаргу ў Адміністрацыю
прэзідэнта і губляць час?Усё роўна мы адправім яе на райвыканкам. Я проста кажу
гэта таму, што вы зможаце зэканоміць час: скарга будзе ў нас тыдзень, а
затым мы яе адправім. З прыняццем закона
ўсе скаргі будуць разглядацца не вышэй, чым аблвыканкам.

На пытанне, дык што
ж тады зменіцца, калі і зараз нельга звярнуцца напрамую, у аддзеле слушна
заўважылі:


Супрацоўнік аддзела:
За гэта будуць
пакутаваць начальнікі, калі вы будзеце дасылаць да нас скаргі. Яны зараз
таксама нясуць персанальную адказнасць, але не ў такой меры.

Начальнік аддзела
ўпраўлення па працы з зваротамі грамадзян
Адміністрацыі прэзідэнта Станіслаў Бука расказаў Еўрарадыё, што ў гэтым годзе
скардзіцца сталі менш на 35%. Гэта і
зразумела, колькі не адсылай зваротаў – прэзідэнт іх проста не
разгледзіць.

У Слуцкім
райвыканкаме такому закону ўзрадаваліся: не прыйдзецца разглядаць адныя і тыя ж
скаргі па некалькі разоў. Па словах начальніка аддзела па зваротах грамадзян
Святланы Казляк, пасля правядзення “Дажынак” колькасць скарг адразу ж зменшылася: да свята
адрамантавалі вуліцы, дахі, навялі парадак каля жылой тэрыторыі.


Святлана Казляк:
З аднаго боку, лічу,
што аб’ём працы павялічыцца, бо зараз усе будуць напрамую да нас звяртацца. А
можа, будзе і лягчэй у тым плане, што паўторных зваротаў будзе менш. Калі мы
чалавеку неаднаразова растлумачваем, і ён атрымоўвае адзін і той жа адказ, то
мы спыняем перапіску. Зараз ён і сам не будзе пісаць, бо далей ужо няма куды.
Раней ён звяртаўся да нас, яму не падабаецца
адказ - і пачынаў ён пісаць у аблвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта.
Зараз такой магчымасці не будзе.

У Баранавіцкім
райвыканкаме нам прызналіся, што разглядаць скаргі ў гэтым годзе прыходзіцца
значна менш, чым у мінулым. У асноўным, праблемы вырашаюць у мясцовых саветах.
Але ёсць некалькі чалавек, якія звярнуліся ў аблвыканкам і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Начальнік
аддзела па зваротах грамадзян Алена Бугаева лічыць, што лепш спачатку напісаць
у райвыканкам, а ўжо пасля – у вышэйшыя органы.


Алена Бугаева:
Адміністрацыя прэзідэнта, як
правіла, дае “суправаджалку” у райвыканкам і рэзалюцыю даць адказ заяўніку. Да
нас накіроўваюць, і мы пішам заяўніку, што на ваш зварот у Адміністрацыі
адказалі вось гэта і гэта. І чалавек ведае, што зараз справа накіравана ў
райвыканкам.

На пытанне, ці
магчыма такое, што Адміністрацыя сама ўступае ў перапіску з заяўнікам і не
адпраўляе яго ў райвыканкам, Алена Бугаева адказала:


Алена Бугаева:
Ёсць некалькі такіх выпадкаў, калі сур’ёзнае пытанне і
Адміністрацыя вырашае, што ёй патрэбна разабрацца. Але гэта літаральна 2-3
выпадкі: выдзяленне жылля і пытанні ЖКГ (газіфікацыя, рамонт дарог).

Такім чынам, скардзіцца прэзідэнту можна толькі на жыллёвыя
пытанні, рамонт дарог і газіфікацыю. А новы парадак звароту грамадзян
нагадвае сістэму звароту ў Камісію ААН па правах чалавека: там таксама спачатку
трэба прайсці ўсе прыступкі, перш чым звярнуцца.