Якім чынам Дэкрэт №1 супраць наркатычных “бубак” спыніць наркадылераў?

Летась у чэрвені стала вядома пра стварэнне праекта Дэкрэта, накіраванага на барацьбу з “бубкамі”. Аднак больш за паўгода закону не давалі ходу.

У сераду, 15 студзеня, стала вядома пра тое, што Аляксандр Лукашэнка Дэкрэт падпісаў.

Такім чынам, з 1 лютага ўводзіцца дзяржманаполія на мак. Цягам двух тыдняў павінна з’явіцца пастанова Савета міністраў, дзе будзе зроблены канкрэтны пералік арганізацый, якія змогуць гандляваць гэтым прадуктам. Мак праз гэтыя арганізацыі будзе праходзіць толькі тэрмічна апрацаваны, то бок прыгатаваць з яго наркатычную “шырку” будзе немагчыма. 

Расследаванне Еўрарадыё аб паўлегальным продажы забруджанага насення маку, з якога спажыўцы лёгка гатуюць наркатычную “шырку”, выйшла летась у лістападзе. У народзе гэты самы папулярны ін’екцыйны наркотык называюць “бубкамі”. Яны распаўсюджваліся з 2004 года і цягам доўгіх гадоў адказныя чыноўнікі не маглі (ці не хацелі) ставіць праблеме заслон. Тым часам сапраўдная колькасць спажыўцоў “шыркі” ў Беларусі вырасла да 130-150 тысяч чалавек (афіцыйныя структуры ў парушэнне закона адмаўляюцца даваць журналістам  сапраўдную статыстыку).

Пазбаўляць волі макавых дылераў, якія будуць працягваць незаконны гандаль, не будуць. Не дазваляе канвенцыя ААН. Насенне маку, хай сабе і наркатычнае, не маюць права класіфікаваць як наркотык. 

Таму Дэкрэт №1 прадугледжвае за незаконную перавозку маку штраф да 70 базавых велічынь (у лютым гэта будзе складаць 10,5 мільёна рублёў). А таксама канфіскацыю транспартнага сродку. Вага нелегальнага маку пры гэтым павінна складаць  больш за 2 кг. Ва Упраўленні па наркакантролі МУС тлумачаць, што сабралі інфармацыю аб наркатаксістах, якія гандлююць “бубкамі” (іх у Беларусі каля ста з лішкам чалавек). І калі Дэкрэт пачне працаваць (з 1 лютага), выязджаць на промыслы наркатаксісты не змогуць. А вазіць у машыне па 2 кг у мэтах продажу наркаспажыўцам не мае сэнсу.

Калі ж незаконна перамяшчаць мак будзе юрыдычная асоба, то  прадугледжана канфіскацыя і тавару, і фураў, а  штраф складзе да 250 базавых велічынь (у лютым — 37,5 мільёна рублёў).

Складаць пратаколы на парушальнікаў зможа не толькі міліцыя, але і падатковая, і Камітэт дзяржкантролю.

Апошні раз закупку наркатычных “бубак” Еўрарадыё асвятляла ў сярэдзіне снежня. У гэтым дапамагаў рэжысёр з народа Руслан Мірзоеў.

Доўгае непадпісанне Дэкрэта (больш за паўгода) многія звязвалі з існаваннем макавага лобі.

Аднак летась 18 снежня Адміністрацыя прэзідэнта паведаміла Еўрарадыё пра тое, што “здзяйсняецца падрыхтоўка праекта Дэкрэта на даклад кіраўніку  краіны”.

Ужо ў пачатку лютага стане зразумела, ці зможа Дэкрэт №1 спыніць макавую пагрозу.