Вы тут

Як стварыць беларускамоўны клас у школе. Практычныя парады

Што для адной краіны нонсенс, для нашай — норма. Здавалася б, лагічна, што ў Беларусі, дзе адна з дзяржаўных моў — беларуская, не павінна быць праблем і з навучаннем па-беларуску.

Але ж не! Вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове толькі 13,7%. Так што бацькам, якія дабіваюцца, каб адчыняліся беларускамоўныя класы, можна смела выдаваць Ордэн Францішка Багушэвіча.

Напярэдадні пачатку навучальнага года збіраем парады ад бацькоў, настаўнікаў і чыноўнікаў, як аддаць сваё дзіця ў клас з беларускай мовай навучання.

Сын Маргарыты Вялічкінай Францішак, які вучыцца ў брэсцкай школе №29, 1 верасня ідзе ў шосты клас, дзе акрамя яго будуць вучыцца яшчэ… тры чалавекі. 

"Каб адчыніылі беларускамоўны клас, найперш трэба знайсці аднадумцаў-бацькоў, — дае парады Маргарыта Вялічкіна. — Бо ёсць розніца, ён будзе вучыцца адзін ці ў яго будзе кола сяброў. Збіраць бацькоў можна па сябрах, размаўляць у дзіцячых садках. Калі ўжо будзе 4-5 чалавек, трэба шукаць школу, дзе нармальна настроеныя на навучанне па-беларуску".

Калі ваша дзіця ідзе ў першы клас, то рыхтавацца варта за год. Школу лепш наведаць і паразмаўляць з дырэктарам ці завучам. Таксама варта пацікавіцца ўзроўнем адукацыі, які дае школа. Калі ён цалкам адпавядае, то бацькі пішуць заявы на навучанне па-беларуску. Звычайна пра тэрміны падачы гэтых заяў можна дазнацца ў школе. Такія парады дае Маргарыта Вялічкіна.

У Мінску са школамі, дзе можна вучыцца па-беларуску, прасцей — ёсць некалькі гімназій, дзе навучанне цалкам вядзецца на роднай мове. Таксама ёсць школы, дзе працуюць беларускамоўныя класы.

Напрыклад, у 190-й мінскай школе такія класы ёсць амаль ва ўсіх паралелях.

У пятым класе з беларускай мовай навучання 26 вучняў, у першы класе будзе 21 вучань. Адміністрацыя школы запэўнівае, што ніколі не адмаўляе ў адукацыі па-беларуску, бо гэта прапісана ў заканадаўстве і прапануе ўсім бацькам самім абіраць мову навучання.

І сапраўды, па законе, нават аднаму вучню мусяць забяспечыць адукацыю на роднай мове.

Калі ўзнікаюць праблемы са стварэннем беларускамоўных класаў, трэба звяртацца ва ўсе ўстановы. Такія парады дае намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

"Нейкага канкрэтнага алгарытму няма. Мясцовыя органы, установы адукацыі прыдумляюць новыя шляхі кожны раз. Некаму кажуць, што няма падручнікаў, некага пасылаюць шукаць аднакласнікаў свайму дзіцяці. Але дзяржава абавязаная па заяўным прынцыпе стварыць умовы для беларускамоўнага навучання. Адзінае, трэба не здавацца, ісці і патрабаваць".

У 2014 годзе ў Мінску працавала 11 школ, якія навучалі дзяцей па-беларуску. У шасці з іх навучанне вялося цалкам па-беларуску.