Як прыняць бюджэт на 2015 год за 50 хвілін

Можна было чакаць, што абмеркаванне гэтага самага важнага для краіны ў будучым годзе законапраекта зойме усе думкі і ўвесь час дэпутатаў падчас сённяшняга пасяджэння. Але дэпутатам прапанавалі ў гэты дзень разгледзець ажно 13 законапраектаў! І цікавосткі на гэтым не скончыліся.

Міністр фінансаў Уладзімір Амарын быў галоўным дакладчыкам адразу па двух законапраектах: пра змены ў Падатковы кодэкс і Бюджэт на 2015 год. У “пераліку пытанняў для разгляду” яны стаялі адзін за другім і, відаць, каб не ганяць міністра двойчы на трыбуну, яму прапанавалі выступіць адразу па двух. Чым міністр і скарыстаўся.

Уладзімір Амарын: “Паважаныя дэпутаты! На ваш разгляд прадстаўленыя законапраекты “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь” і “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2015 год”. Яны сфарміраваныя зыходзячы з параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год”.

Агулам выступ міністра па двух законапраектах заняў 18 хвілін. Прыйшоў час дэпутатам задаваць пытанні дакладчыку. Міністр казаў пра тое, што, да прыкладу, рост валавага ўнутранага прадукту і рост заробкаў будуць рэкордна нізкімі: 0,2-0,5% і 1,5% адпаведна, што “чарніла” ў наступным годзе падаражае, а транспартны падатак павялічыцца. Было і шмат яшчэ чаго цікавага. Ды хаця б тое, што ў бюджэт закладзены кошт нафты 83 долара пры сённяшнім кошце каля 65 долараў. Як думаеце, пра што пыталіся міністра дэпутаты і ці шмат было пытанняў?

Да прыкладу, дэпутат з Рэчыцы Адам Вашкоў абураецца, што ў бюджэт не закладзеныя абяцаныя грошы на праграму “Чыстая вада”. Міністр апраўдваўся.

Уладзімір Амарын: “Казалі пра тое, што ў адпаведнасці з рашэннем ураду, сродкі плануюцца ў прапорцыі: 75% мясцовыя бюджэты і 25% — у рэспубліканскім бюджэце. З улікам напружанага выканання рэспубліканскага бюджэту ў наступным годзе і пікавыя выплаты па знешняй дзяржпазыке не плануецца выдзяленне сродкаў на гэтую праграму наўпрост з рэспубліканскага бюджэту”.

Дэпутат Леанід Кавалевіч з Івацэвіч ставіць перад міністрам пытанне рубам: кожны трэці ліфт у краіне адпрацаваў свой тэрмін эксплуатацыі ў 25 гадоў, а на праграму “Замены і мадэрнізацыі пасажырскіх ліфтаў” выдаткоўваецца толькі 28% ад неабходнай сумы! Ну, сапраўды ж, вельмі важнае пытанне пры абмеркаванні бюджэту на будучы, выбарчы год. Дэпутат са Століна Аляксандр Ярашэвіч цікавіцца пытаннем будаўніцтва жылля для дзяцей-сірот. Яшчэ адзін дэпутат звартаецца з пытаннем, як паміж рэгіёнамі і цэнтрам будзе дзяліцца “транспартны падатак”.

На гэтым пытанні да міністра фінансаў у дэпутатаў… скончыліся!

Намеснік старшыні парламента Віктар Гумінскі між справай адзначае, што дэпутаты ўжо абмяркоўвалі гэтыя законапраекты і з прэм’ер-міністрам, і з міністрам фінансаў тройчы. І перадае слова садакладчыкам міністра. Яны, праўда, кожны з двух законапраектаў прадстаўлялі асобна. Выступ намесніка старшыні камісіі па бюджэце і фінансах Аляксандра Мякінніка, ён прадстаўляў законапраект “Аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс”, займае 4 хвіліны і пытанняў да яго ў дэпутатаў не ўзнікае. Старшыня “бюджэтнай” камісіі Людміла Дабрыніна цягам 7 хвілін прадстаўляе праект бюджэту на 2015 год. У дэпутатаў зноў з’яўляецца магчымасць задаць пытанні наконт бюджэту і...

Дэпутат з Баранавічаў Вольга Паліціка зноў вяртаецца да тэмы падзелу “транспартнага падатку” паміж бюджэтамі абласцей і бюджэтам Мінска. І патрабуе, каб да другога чытання “нарматывы размеркавання субвенцый” былі вызначаныя. З пажаданнем да другога чытання выходзіць на трыбуну і Таіса Данілевіч, дэпутат Салігорскай сельскай акругі.

Спачатку дэпутатка дзякуе старшыням парламенцкіх камісій: па бюджэце Людміле Дабрынінай і па адукацыі Генадзю Пальчыку ды сваім калегам-дэпутатам за тое, што яны ўжо другі год запар уносяць у рэспубліканскі бюджэт артыкул, па якім выканаўчыя камітэты займелі магчымасць “павышаць заробкі бюджэтным арганізацыям дзякуючы ліквідацыі ўстаноў адукацыі”.

Таіса Данілевіч: “На тэрыторыі Мінскай вобласці ў 2014 годзе былі ліквідаваныя і рэарганізаваныя 54 установы адукацыі. У выніку эканомія бюджэтных сродкаў склала больш за 10 мільярдаў рублёў”.

Што дало магчымасць павысіць заробкі настаўнікам на суму ад 200 да 1 мільёна рублёў. Дэпутатка прапануе, каб да другога чытання ў бюджэт былі ўнесеныя “пэўныя карэкціроўкі, якія б дазволілі ў поўнай меры і больш маштабна рэалізаваць мясцовым выканаўчым органам артыкул 26”. Відаць, у нас яшчэ дастаткова ўстаноў адукацыі, на якіх можна зэканоміць на заробкі.

Яшчэ два дэпутаты пранцыпова выступаюць проста з заклікам да калег, прыняць абодва законапраекты ў першым чытанні. Што дэпутаты і зрабілі. На тое, каб прыняць два ўзгаданых законапраекта ў ім спатрэбілася менш за гадзіну — каля 50 хвілін.

І аб’явілі перапынак. Падчас якога журналістам удалося злавіць міністра фінансаў Уладзіміра Амарына. На пытанне, чаму ў бюджэт закладзены кошт нафты ў 83 долара за барэль ён нічога ўцямнага так і не адказвае. Маўляў, арыентаваліся на “прагнозныя паказчыкі”. Але запэўнівае, што калі кошт будзе меншы, то ёсць інструменты для карэкціроўкі бюджэту.

Фота: www.belarus.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі