Таму ў мінулым годзе павялічыліся многія дробныя падаткі: на зямлю, на першую кватэру, акцызы на алкаголь і цыгарэты, падатак на прыбытак, на віртуальны ігральны бізнес, на сабак. Павысіліся падаткі для рамеснікаў, самазанятых і індывідуальных прадпрымальнікаў.
— Для ІП таксама павысілі цану на газ, нягледзячы на тое, што яна для Беларусі не змянілася з мінулага года. Гэтыя метады агулам даюць тое, што мы пачалі называць "аперацыя скрабем па засеках". Таксама ў гэтую аперацыю я б уключыў зборы за данаты, — працягвае Леў Львоўскі. — Шмат людзей выклікаюць у КДБ, мяркуючы з паведамленняў СМІ. Ім прапануюць пералічыць у дабрачынныя фонды, звязаныя з дзяржавай, розныя сумы. Калі раней гаворка ішла пра пяцьсот долараў для неайцішнікаў і пра тысячу долараў для айцішнікаў, то апошнім часам з'яўляюцца навіны пра тое, што ўжо з неайцішнікаў просяць нават па паўтары тысячы долараў іншым разам.
Улічваючы заявы кіраўніка BYSOL Андрэя Стрыжака пра колькасць людзей, якія данацілі ў 2020-2021 гадах праз Facebook у дабрачынныя фонды Беларусі, гаворка можа ісці пра дзясяткі мільёнаў долараў. Чакаецца, што падатак на першую кватэру прынясе ў казну каля 20-21 мільёна рублёў. Адпаведна, тут мы гаворым пра, магчыма, 20-30 мільёнаў долараў.
Яшчэ трэнд апошніх месяцаў — узмацняецца ціск на бізнес. Вядома, не проста так.
— Колькасць кампаній, акцыі якіх нельга прадаваць або адчужаць без дазволу ўрада, вырасла з 193 да 1849. Кампаніі, якія да гэтага спрабавалі сысці з беларускага рынку, пачалі атрымліваць пакаранні. Напрыклад, яркі выпадак адбыўся з фінскімі піваварамі, якія да гэтага заяўлялі пра патэнцыйны сыход з беларускага рынку. Зараз кампанія Olvi аштрафаваная на рэкордныя 12 мільёнаў долараў.
Аляксандр Лукашэнка працягнуў пагражаць буйным ігракам. Гэтым разам абышлося без маштабных кампаній пасадак. Абмежаваліся рыторыкай, у прыватнасці, калі ў дзяржаўных СМІ апублікавалі зарплаты топ-мэнэджараў рытэйлаў, — заключае Леў Львоўскі.