У Оршы паставяць дошку гонару па цане дома
![Праект дошкі гонару ў Оршы](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-11/vorsha-1611.jpg.webp?itok=6prSQg-9)
Праект дошкі гонару ў Оршы / orshanka.by
У Оршы плануюць перанесці раённую дошку гонару ад будынка райвыканкама на цэнтральную плошчу града, дзе стаіць помнік Леніну. Пра гэта напісала мясцовае дзяржаўнае выаданне "Аршанская газета".
У сацсетках гараджане абурыліся новым праектам уладаў. На старонцы "Аршанскай газеты" ў сацсетцы "Вконтакте" найбольш падабаек сабраў такі каментар: "Абсалютна непатрэбная ідэя. Марнаванне бюджэтных сродкаў!" Сярод 23 каментароў да гэтай навіны не было ніводнага прыхільнага. Такая ж сітуацыя і пры абмеркаванні навіны ў Інстаграме.
Адзін з удзельнікаў абмеркавання спытаўся, колькі будзе каштаваць новая дошка гонару, але яму ніхто не адказаў.
Як піша "Наша Ніва", мяркуючы з рэндара ў раённай газеце, аршанская дошка гонару будзе адзін у адзін такая ж, як віцебская, якую паставілі ў 2020 годзе. Гэта два стэнды, абліцаваныя гранітам і дэкараваныя арнаментам з анадзіраванага алюмінію. Паміж стэндамі — стэла з гербам. Віцебская дошка гонару тры гады таму каштавала больш як 150 тысяч рублёў, або 67 тысяч долараў па тагачасным курсе.
![У Оршы паставяць дошку гонару па цане дома](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/vorsza-1611-2.jpg.webp?itok=l4xaLjfI)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.