Беларуска Дзіяна Маісеенка не ведала, што ўжо больш за год знаходзіцца ў вышуку

Дзіяна Маісеенка

Дзіяна Маісеенка / facebook.com/ales.michalevic

Беларуска Дзіяна Маісеенка не ведала, што ўжо больш за год знаходзіцца ў вышуку, паведамляе Радыё Свабода. Яе затрымлівалі ў Арменіі, але адпусцілі, на час разгляду экстрадыцыйнай справы абмежавалі выезд з краіны.

Маісеенка выехала з Беларусі летам 2023 года, жыла ў Грузіі. Разам з сябрам Уладзімірам вырашыла здзейсніць падарожжа ў суседнюю Арменію, каб паглядзець Ерэван. Грузінскі памежны кантроль яны прайшлі без праблем, а армянскія памежнікі паведамілі грамадзянцы Беларусі, што яна ў вышуку. Далей яе павезлі ў раённы аддзел паліцыі ў горад Наембэран. Паліцэйскія расказалі, што Дзіяну Маісеенка ў Беларусі шукаюць з 23 ліпеня 2023-га. Ёй інкрымінуюць артыкул "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" — за ўдзел у пратэстах.

Пра тое, што беларуска на свабодзе, паведаміў юрыст Алесь Міхалевіч. Па яго інфармацыі, "па рашэнні Пракуратуры Арменіі вырашана не браць яе пад варту". "Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Арменіі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах", — мяркуе Міхалевіч.

А першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што яе Офіс запэўнілі: Ерэван не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі грамадзян Беларусі, якіх пераследуюць з палітычных прычын.

Маісеенка — дачка былога палітвязня Андрэя Іванюшына, якога асудзілі па так званай "справе байкераў" на два з паловай года пазбаўлення волі. Ён цалкам адбыў тэрмін, але неўзабаве быў зноў затрыманы і правёў яшчэ паўгода за кратамі, цяпер пад падпіскай аб нявыездзе. Дзяўчына не хавае, што ў 2020-м удзельнічала ў пратэстах. У 2022-м, калі чакала вызвалення бацькі, адчувала, што за ёй сочаць. А яе мужа, які ў пратэстах не ўдзельнічаў, асудзілі на 15 сутак арышту.

"Я сваю справу яшчэ не адкрывала — там 150 старонак, кажа Радыё Свабода Дзіяна Маісеенка. — ...Нібыта я праходжу і па справе таты — там фігуруе, што мы з татам былі ў змове і разам удзельнічалі ў пратэстах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі