Вы тут

Як мінчанка вырашала кватэрнае пытанне, а апынулася ў пекле на 14 гадоў

Паўліна Калтовіч, фота з сацыяльных сетак

Гэтая гісторыя доўжыцца з пачатку 2000-х гадоў. Бацькі купілі Паўліне Калтовіч пакой ў двухпакаёвай кватэры недалёка ад станцыі метро “Пушкінская” ў Мінску. Грошай, каб набыць жыллё цалкам, не хапала, таму асобны пакой для студэнткі быў добрым варыянтам. Тым больш, падчас куплі ў агенцтве нерухомасці запэўнілі, што суседка па кватэры — інтэлігентная і спакойная жанчына на пенсіі.

Вырашыць кватэрнае пытанне спрабуюць многія жыхары сталіцы. Але ў выпадку з Паўлінай нешта пайшло не так. Пасля пераезду дзяўчыну чакалі скандалы, выклікі міліцыі і нават судзімасць нібыта за хуліганства.

“У агенцтве сказалі, што ў кватэры будзе жыць бабуля-божы дзьмухавец. На вялікі жаль, далёка не так усё аказалася, — распавядае Еўрарадыё Паўліна Калтовіч. — Як я сёння разумею, у гэтай бабулі было псіхічнае захворванне. Я была дзяўчынай без жыццёвага досведу і не адразу зразумела ўсю складанасць сітуацыі”.

Суседкай Паўліны аказалася былая настаўніца англійскай мовы. Пенсіянерка шмат гадоў пражыла ў адзіноце. Сваякі прыходзілі да жанчыны рэдка і асабліва не дапамагалі. А адносіны паміж студэнткай і былой настаўніцай не склаліся з першых дзён.

“Яна пастаянна выклікала на мяне міліцыю і скардзілася, — узгадвае суразмоўца. — Быццам бы я краду паралон з яе вакна, шмат выліваю вады, адкрываю фортку і шмат іншага. Вось такая інтэлігентная жанчына на пенсіі”.

“У судзе яна прыдумляла, што я яе штурхала”

У такіх умовах дзяўчына пражыла больш за дзесяць гадоў. Даходзіла да абсурду: былая настаўніца выклікала на дзяўчыну міліцыю і казала, што тая незаконна здымае пакой.

А аднойчы Паўліна атрымала позву ў суд.

“Там суседка паказала два сінякі і драпіну: маўляў, я ў іх вінаватая, — кажа Паўліна Калтовіч. — Нягледзячы на тое, што яна некалькі разоў змяняла свае паказанні і не было ніякіх сведак, суд заявіў, што магчымасць гэта зрабіць у мяне была. У 2013 годзе мяне асудзілі па адміністрацыйнай справе на 10 базавых нібыта за хуліганства”.

 

Фота: domofoto.ru

На той момант для дзяўчыны гэта былі істотныя грошы. Усе спробы аспрэчыць рашэнне суда нічога не далі. На звароты ў суд і пракуратуру Паўліна атрымлівала адпіскі. Але больш абурала іншае.

“Сам факт таго, што мяне прызналі вінаватай, — узгадвае дзяўчына. — Атрымалася, што ў мяне цяпер ёсць судзімасць праз тое, што сказала нейкая бабуля, не маючы доказаў.

У судзе яна прыдумляла, што я яе штурхала, але ніколі я не крыўдзіла гэтую жанчыну. На мае запыты, каб ёй прызначылі экспертызу адносна здароўя, ніхто не рэагаваў. Нават нашых суседзяў, якія маглі расказаць, як сябе паводзіла пенсіянерка, суд не пажадаў выслухаць,. У судзе абяцалі гэта зробіць пасля, але так і не зрабілі. А пазней я атрымала адказ, што азнаёмленая з вынікамі справы. Там быў мой подпіс, але я нічога не падпісвала! Я нават на судзе не прысутнічала”.

“Выклікала “хуткую”, калі суседцы было дрэнна”

Нягледзечы на такія адносіны, дзяўчыне даводзілася аказваць дапамогу сваёй суседцы. Часам пенсіянерка пачынала скардзіцца на здароў’е і патрабавала дапамогі. Жыць у адной кватэры з кожным днём станавілася ўсё больш невыносна, але праз матэрыяльныя прычыны змяніць месца жыхарства было немагчыма.

“Быў вельмі няпросты перыяд у жыцці, — згадвае Паўліна. — Радавалася таму, што проста хапала на прадукты. Відавочна, што суседцы быў патрэбны кругласутачны дагляд. Яна грукала швабрай, адкрывала газ — зразумела, што адной ёй заставацца было ўжо нельга. Фактычна, дагляд за ёй быў скінуты на мяне.

Звароты ў розныя сацыяльныя службы не дапамагалі: мяне проста перанакіроўвалі з аднаго месца ў іншае. Размовы з яе сваякамі не атрымлівалася. За 2017 год я тры разы выклікала “хуткую дапамогу”, але часам атрымлівалася, што бабуля проста сімулявала”.

У канцы снежня 2017 года старой жанчыне сапраўды стала дрэнна, калі яна знаходзілася ў прыбіральні. Па словах Паўліны Калтовіч, “хуткая дапамога” адмовілася ехаць на ўжо вядомы адрас. Медыкі параілі звяртацца да сваякоў. Застаўшыся з хворым чалавекам сам-насам, Паўліна патэлефанавала ў міліцыю з пытаннем, што рабіць у такіх выпадках?

Адказ, які атрымала Паўліна

“Прыехалі супрацоўнікі міліцыі, — прыгадвае той вечар дзяўчына. — Суседка шмат часу знаходзілася ў прыбіральні. Міліцыянты адчынілі дзверы, паспрабавалі размаўляць з ёй, але яна штосьці незразумелае мармытала ў адказ. Пазней прыехала “хуткая” і забрала жанчыну з падазрэннем на інсульт”.

На наступны дзень у кватэру прыйшла ўнучка былой настаўніцы, каб сабраць неабходныя рэчы ў бальніцу. Па словах Паўліны Калтовіч, яна паводзіла сябе вельмі гучна, а на просьбу весці сябе крыху цішэй, распачала скандал. Унучка абвінаваціла Калтовіч у тым, што тая давяла яе бабулю да лякарні.

А на пачатку 2018 года Паўліна даведалася, што яе суседка памерла.

“Да мяне пачалі ламіцца ў дзверы”

На гэтым пакуты дзяўчыны не скончыліся. У студзені 2018 года да Паўліны Калтовіч прыйшлі сваякі былой настаўніцы.

“Я ляжала з высокай тэмпературай, — распавядае Калтовіч. — Пасля скандалу з унучкай я зачынялася, каб нельга было адчыніць звонку. Пачула моцны грукат у дзверы. На пытанне "Хто?” пачула мужчынскі голас: “Адчыняй”. Да мяне пачалі ламіцца ў дзверы. Давялося выклікаць міліцыю”.

Фота: Фэйсбук

Па словах Паўліны, з прыездам міліцыі сваякі памерлай пенсіянеркі супакоіліся. Яны прыйшлі за рэчамі на пахаванне. І ў выніку напісалі на дзяўчыну заяву: маўляў, яна не пускае іх у кватэру.

“Я таксама звярталася ў міліцыю наконт пагроз і абраз з боку сваякоў суседкі, — распавядае Паўліна. — Мне прыйшоў адказ, што складу злачынства няма”.

Каля паўгода Паўліна Калтовіч жыла ў адносна спакойных умовах: з сакавіка ніякіх кантактаў са сваякамі суседкі не было. А ў канцы верасня дзяўчына даведалася, што другі пакой кватэры выстаўлены на продаж. Па законе, у дзяўчыны ёсць 30 дзён, каб выкупіць яго. Тэрмін заканчваецца ў канцы кастрычніка.

“Я вельмі хачу выкупіць гэты пакой, — кажа Паўліна Калтовіч. — Гаворка ідзе пра 24 тысячы долараў. Калі даведалася пра такую суму, ледзь не павалілася. Але спецыялісты запэўнілі, што гэта сапраўдныя сталічныя кошты.

Шчыра кажучы, я вельмі стамілася за ўвесь час, згубіла здароўе. У мяне цяпер адзіны шанец нешта змяніць, бо раней пакой не выстаўляўся на продаж. Цяпер хачу пазычыць грошы, каб выкупіць пакой, потым прадаць кватэру, набыць маленькае жытло і разлічыцца з людзьмі, якія змогуць мне дапамагчы”.

На сённяшні дзень Паўліне Калтовіч самастойна атрымалася сабраць 7 тысяч долараў. Каб знайсці жадаючых пазычыць грошай на выкуп пакою, дзяўчына арганізавала збор сродкаў на сайце talaka.org.