Вы тут

Як беларускія падлеткі становяцца "наркадылерамі"

Іларыён размаўляе з адвакатам пасля судовага паседжання.

22 траўня ў судзе Мінскага раёна пачаліся слуханні па справе Іларыёна Б. 18-гадовага хлопца судзяць па частцы 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса — яму пагражае ад дзесяці да дваццаці гадоў пазбаўлення волі.

У зале суда Іларыён сядзіць за кратамі, у клетцы. Хлопец вучыўся ў мінскай школе. Ён распавядае суддзі, што зарабляў напісаннем тэкстаў і музыкі для Ягора Крыда. Грошы былі патрэбныя, каб дапамагаць дзяўчыне, якая расла ў праблемнай сям'і. Зімой "у творчасці пачаўся крызіс", і Іларыён звязаўся з наркотыкамі, "хоць сам не ўжывае".

"Наркадылерам" Іларыён Б. стаў зусім нядаўна — зімой 2017 года. "Нагандляваць" за гэты час паспеў на 500 рублёў, пры гэтым "уклаўшы" у бізнес 800 рублёў са сваіх зберажэнняў. Гэта значыць, на момант затрымання, хлопец быў "у мінусе". На першым слуханні ён распавядае, як быў уцягнуты ў злачынны бізнес.

Мы публікуем гэтую інфармацыю для таго, каб іншыя падлеткі не паўтарылі памылку Іларыёна. Стаць злачынцам аказалася нескладана. Не трэба было некуды хадзіць і нешта шукаць — наркагандляры самі знаходзяць беларускіх падлеткаў у сацсетках. У выпадку, пра які ідзе гаворка, дылер, які прадаў хлопцу наркотык, так і застаўся "неўстаноўленай асобай". А Іларыён апынуўся на лаве падсудных.

 

Адказаў на паведамленне "Вконтакте", скачаў мэсэнджар

У снежні 2017 года нехта напісаў хлопцу "Вконтакте", што патрабуюцца кур'еры. "Гэта было нешта накшталт спаму з невядомай старонкі, — кажа Іларыён. — На той момант мне вельмі былі патрэбныя грошы. Думаў, паспрабую, і потым не буду, ведаў, што вясной пойдуць новыя заказы па музыцы".

Дзяўчына развітваецца з Іларыёнам пасля суда

Іларыён скачаў і ўсталяваў спецыяльны мэсэнджар і знайшоў там псеўданім чалавека, які з ім звязваўся праз "Вконтакте".

"Ён падаў мне інфармацыю пра кошт рэчывы α-PVP, я набыў каля 70 грам за 800 беларускіх рублёў. Ніякага задання не было, я сам купляў, забіраў праз закладкі ў цэнтры Мінска, а потым праз тую ж сетку звязваўся ўжо са сваімі пакупнікамі. Мне невядома, ці былі гэта прыватныя асобы або цэлыя крамы. Пра іх існаванне даведаўся таксама праз мэсэнджар. Да месцаў закладак дабіраўся грамадскім транспартам, а потым ехаў дадому", — працягвае падсудны.

 Хлопец распавядае, што з канца снежня 2017-га па студзень 2018 га года набываў псіхатропнае рэчыва ў тры падыходы, пераводзячы грошы неўстаноўленай асобе на асабісты рахунак. Ён рабіў гэта з мэтай збыту, але настойвае на тым, што дзейнічаў самастойнага, таму абвінавачванне павінна быць перакваліфікаванае на менш "цяжкую" частку 3 артыкула 328.

Неўзабаве знайшоўся першы пакупнік, яму Іларыён прадаў каля 20 грам α-PVP. У адказ яму перавялі каля 500 рублёў на картку з дапамогай кашалька на "Яндэкс.Грошы". Далей ён расфасаваў рэчыва ў пакеты па 4 грамы, схаваў у схованках пад дрэвамі ў лясным масіве пад Мінскам (усяго было пяць закладак), сфатаграфаваў месцы, вярнуўся дадому і пачаў выкладваць у інтэрнэт фатаграфіі праз сайт, які стварае спасылкі, якія пасля самі выдаляюцца.

У гэты момант у дзверы пагрукалі невядомыя людзі ў цывільным. У кватэры, у якой Іларыён жыў са сваёй сяброўкай, знайшлі рэшткі рэчыва, шалі і пальчаткі — так хлопец быў затрыманы.

 Вось і ўся гісторыя.

 

Як правіна Іларыёна выглядае з пункту гледжання наркакантролю

Цяпер даведаемся, як дзеянні Іларыёна Б. ацэньвае і апісвае дзяржава. Лірыкі (песень Ягора Крыда і юнай сяброўкі) вы тут не знойдзеце. Толькі сухія фармулёўкі.

Абвінавачванне сцвярджае, што гэтай зімой Іларыён Б., дзейнічаючы з карыслівых меркаванняў, уступіў (далей цытата) "у неўстаноўлены час з неўстаноўленай асобай ва ўстойлівую кіраваную арганізаваную групу для незаконнага абароту асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў праз інтэрнэт". Неўстаноўленая асоба (арганізатар) ўзяла пад крыло Б. і іншых неўстаноўленых асоб (распаўсюджвальнікаў) і ажыццявіла кіраўніцтва супрацьзаконнай дзейнасцю. Па версіі следства, у арганізаванай групе дзейнічаў пастаянна працуючы злачынны механізм па арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў на аснове ўзгодненасці, кіравальнасці і згуртаванасці. Групу характарызуюць стабільным складам ядра удзельнікаў з выразным размеркаваннем роляў.

Неўстаноўленая асоба, якая з'яўляецца арганізатарам, прыняла на сябе абавязкі ўключаць новых асоб у злачынную дзейнасць, звязаную з незаконным абаротам асабліва небяспечных наркатычных рэчываў, размеркаванні абавязкаў паміж членамі арганізаванай групы, рэкламавання асабліва небяспечных рэчываў праз інтэрнэт і далейшага распаўсюджвання іх па тэрыторыі Беларусі. Арганізатар ажыццяўляў непасрэдны кантроль атрымання даходаў, ствараючы уліковыя запісы і забяспечваючы канспірацыю ўдзельнікаў падчас абмену паведамленнямі, шыфруючы ўваходны і выходны трафік паміж сабой і спажыўцамі ў абароненым онлайн-мэсанджары. Сувязь ажыццяўлялася праз неўстаноўленыя электронныя кашалькі, а таксама бескантактную перадачу рэчыва праз схованкі пасля яго аплаты праз пластыкавыя карткі.

Арганізатара злачыннай групы на лаве падсудных няма. Слова "неўстаноўлены" гучыць практычна ў кожным сказе.

Па версіі следства, Б. незаконна набываў з мэтай збыту, захоўваў, а потым рэалізоўваў у Беларусі асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы. Ён выконваў канспірацыю, карыстаўся шыфраваннем пры размовах у інтэрнэце. Рэчывы пакідаў ў схованках. Незаконна набыў не менш 73,43 грама, частку захоўваў пры сабе. Каля 18,43 грама перавёз у Мінскі раён, размеркаваўшы па пяці схованках. Ажыццявіў незаконны збыт. 7 лютага была затрыманы па месцы жыхарства. Рэшткі псіхатропных рэчываў былі выяўленыя і канфіскаваныя.

Еўрарадыё працягне сачыць за справай Іларыёна Б.