Вы тут

Вырас у Ленінградзе, верыць у ворагаў на Захадзе: who is mister Lukjanov?

Яўген Лук'янаў / leta.lv

Дзярждума Расіі зацвердзіла Яўгена Лук'янава ў якасці расійскага амбасадара ў Беларусі. І хоць афіцыйна ён узначаліць дыпмісію толькі пасля ўказа Уладзіміра Пуціна, думаем, ужо можна пачынаць знаёміцца з пераемнікам Дзмітрыя Мезенцава ў будынку амбасады на Нававіленскай.

"У Яўгена Лук'янава сур'ёзны эканамічны і банкаўскі бэкграўнд, а таксама досвед працы ў расійскім Савеце бяспекі. Усё гэта спатрэбіцца яму на няпростым і фінансава затратным для Масквы беларускім напрамку", — так расійскае выданне "КоммерсантЪ" апісвала дыпламата 24 лютага, калі з'явіліся першыя чуткі пра яго прызначэнне ў Беларусь.

Што вядома пра будучага амбасадара?

— Яўгену Лук'янаву 69 гадоў. Яго папярэдніку на пасадзе амбасадара Расіі ў Беларусі — 61 год.

— Ён нарадзіўся і вучыўся ў Ленінградзе — амаль на год раней за Уладзіміра Пуціна. Скончыў універсітэт па спецыяльнасці "Англійская мова і літаратура".

— Цяпер Лук'янаў працуе амбасадарам Расіі ў Латвіі — таксама на "няпростым кірунку" для Крамля. А да таго, у 2016 годзе, ён быў намеснікам сакратара Савета бяспекі РФ. Калега будучага амбасадара па Савеце бяспекі ў гутарцы з "Коммерсантом" ахарактарызаваў яго як "сур'ёзнага чыноўніка, які не баіцца прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць".

— Пры ўсёй сур'ёзнасці Лук'янаў час ад часу выказваецца вобразна, выкарыстоўваючы метафары. Вось, напрыклад, як ён расказвае РІА "Новости" пра тое, што ЗША выдаткавалі $5 млрд на падрыхтоўку "Майдана" ва Украіне: "Хацелі "падкласці такога вожыка пад наша цела". Падклалі, але самі ўкалоліся".

— Але ўвогуле Лук'янаў хутчэй асцярожны ў публічным полі. У Латвіі ён асуджаў знос савецкіх помнікаў, называючы гэта апаганеннем. Але, напрыклад, гучных заяў пра дыскрымінацыю рускамоўных пазбягаў.

— Выглядае, што Лук'янаў шчыра верыць у тое, што на захадзе ад беларускай мяжы заселі ворагі. Напрыклад, ён расказваў, што баевікоў для ўкраінскага "Майдана" рыхтавалі ў Польшчы. З такім парадкам дня ён лёгка знойдзе агульную мову з Лукашэнкам.

— Па духу Лук'янаў — імперац. Ён любіць стары гістарычны мем пра войска і флот як адзіных саюзнікаў Расіі: "Гэта жорсткая імперская ацэнка Аляксандра III, але іншай няма".

Чаго чакаць ад прызначэння Лук'янава?

"Яўген Лук'янаў, як і два яго папярэднікі — Міхаіл Бабіч і Дзмітрый Мезенцаў, — не кар'ерны дыпламат, а, хутчэй, палітычны прызначенец", — ацэньвае "КоммерсантЪ" будучага амбасадара. Не бачыць нічога экстраардынарнага ў замене Мезенцава на Лук'янава і беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч:

"Думаю, іншай падаплёкі змены расійскага амбасадара, акрамя пераходу на новую пасаду, няма. Гэта ўнутраныя кадравыя расійскія справы, якія не маюць дачынення да беларуска-расійскіх адносін.

Калі ўспомніць сітуацыю з папярэднім амбасадарам Міхаілам Бабічам — там быў сапраўды рэальны канфлікт, і яго прызначэнне і адстаўка сапраўды былі сімптомамі новай палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі. А з цяперашнім амбасадарам Мезенцавым ніякіх канфліктаў у беларускага кіраўніцтва не было, таму, паўтаруся, гэта ўнутраныя расійскія справы".

Дзмітрый Мезенцаў, які цяпер узначальвае расійскую дыпмісію ў Беларусі, як чакаецца, зойме пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы, у той час як 77-гадовы Рыгор Рапота пойдзе ў адстаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.