Вымовы чыноўнікам ― засакрэцілі

Вымовы чыноўнікам ― засакрэцілі

Генпракуратура вырашае праверыць, ці выконваюцца ўсе патрабаванні заканадаўства падчас выкарыстання “аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны”. І знаходзіць безліч парушэнняў. Парушэнні сур’ёзныя, але зараз не пра гэта.

Чытаем сайт Генпракуратуры: “Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты Міністр культуры Рэспублікі Беларусь”.

Як канкрэтна пакаралі міністра культуры Барыса Святлова, да якой адказнасці ён прыцягнуты? У Генпракуратуры мне на гэта пытанне адказу не даюць.

Генпракуратура: “Не мы вынеслі рашэнне. Мы інфармавалі пра парушэнні законнасці, аб невыкананні заканадаўства ў поўнай меры, меры прымаў Саўмін”.

Значыцца, звяртаюся ў Саўмін. Там спачатку здзіўляюцца майму пытанню, а потым проста адмаўляюцца хоць неяк факт прыцягнення міністра культуры да дысцыплінарнай адказнасці каментаваць. Што праўда, не пацвярджаючы, але і не адмаўляючы самога факту пакарання.

Апошняя магчымасць атрымаць хоць нейкую інфармацыю ― Мінкульт. Але і памочнік міністра культуры Аляксандр Карачун не можа мне нічым дапамагчы.

Аляксандр Карачун: “Для мяне таксама было нечаканасцю атрымаць такую інфармацыю. Я тут ― без каментарыяў! Міністра зараз увогуле няма ― ён у Кіеве. Ён, напэўна, і не бачыў яшчэ гэтай навіны”.

Як кажуць ― дыму без агню не бывае. Можа, пакаранне сапраўды было, але гэтага не хочуць афішаваць? Калі адпаведнае рашэнне было прынятае, то яно павінна знайсціся на адмысловым афіцыйным прававым партале.

Апошняе “масавае” прыцягненне службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці на партале датавана… 2005 годам! Тады вымовы і папярэджанні атрымалі калі 70 чыноўнікаў цягам года. Некаторыя з іх ― нават двойчы за год.

А пачынаючы з 2006 года - цішыня. Знаходзім адзіную Пастанову ўраду, дзе гаворыцца пра прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці. Датаваная яна 2009 годам і выглядае наступным чынам:

1.    Для службовага карыстання.

2.    Для службовага карыстання.

3.    Для службовага карыстання.

Відавочна, што ўрад проста засакрэціў інфармацыю пра пакараных чыноўнікаў. Ну, галоўнае, каб ім самім паведамілі пра гэта.

Ну, а яшчэ адным вынікам нашага невялікага журналісцкага расследавання стала тое, што інфармацыя пра прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці міністра культуры з сайта Генпракуратуры знікла

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі