Выкладчык МДЛУ паказаў сярэднія пальцы студэнтам: што адбылося?

Выкладчык МДЛУ паказаў сярэднія пальцы студэнтам: што адбылося?

Выкладчык МДЛУ Валерый Пішчыкаў праславіўся на ўвесь "Тэлеграм", паказаўшы сярэднія пальцы студэнтам-забастоўшчыкам. "Гэта мой універ. Я не хачу, каб вы тут былі!" — крычыць студэнтам Пішчыкаў. "Мент!" — крычыць яму нехта ў адказ.

Студэнты і выпускнікі МДЛУ шакаваныя тым, што адбылося. Пішчыкаў даўно працуе ва ўніверсітэце і ніколі не рабіў уражання "буйнага".

— Ён вядзе ў мяне нямецкую мову з верасня гэтага года. Як выкладчык ён вельмі добры. Я не чакаў, што такое можа адбыцца, — расказвае Еўрарадыё студэнт 4 курса МДЛУ Яўген.

Ён здзіўлены тым, што здарылася.

— Ён такі, старой загартоўкі. Але ў плане ацэньвання студэнтаў справядлівы, — працягвае Яўген.

Мы паспрабавалі разабрацца, што адбылося ва ўніверсітэцкіх калідорах.

Крычалі: "Зараз у*бу!"

Студэнтка 3 курса перакладчыцкага факультэта Яніна кажа, што Пішчыкаў выйшаў у калідор, каб адказаць на званок па тэлефоне. У гэты момант там з'явіліся студэнты-забастоўшчыкі з чымсьці падобным на вувузелу. Выкладчык зрабіў ім заўвагу.

— Мы пачулі галасы. Не толькі шум студэнтаў. Іх хтосьці пачаў супакойваць, — расказвае Яніна. — Мы выйшлі, а там Валерый Валянцінавіч [Пішчыкаў] і гэтыя хлопцы. Адзін з іх у масцы, пачаў усякую лухту крычаць: "Ідзі на**й!", "Зараз у*бу!" У нейкі момант яны пачалі штурхаць адзін аднаго. Але нейкая субардынацыя ж павінна быць. Бо перад ім выкладчык!

Яніна лічыць, што відэа, апублікаванае ў "Тэлеграме", вырванае з кантэксту. Момант, дзе Пішчыкаў пасылае студэнтаў, ёсць. Але няма нічога пра тое, як студэнты яго справакавалі.

— У нас не так шмат выкладчыкаў, якіх бы любілі студэнты. Ён — адзін з найлепшых, і сапраўды вельмі крыўдна. У нас ён вядзе пераклад і наогул лічыцца адным з найлепшых перакладчыкаў з нямецкай мовы ў краіне.

Яніна кажа, што некаторыя студэнты, у якіх вёў Пішчыкаў, будуць пісаць лісты ў ягоную падтрымку.

"Зраблю выгляд, што нічога не бачыў"

— Я вучыўся ў яго ўвесь мінулы год. Калі на парах усплывалі палітычныя тэмы, то ён не выказваў нейкіх асаблівых эмоцый. Ні негатыўных, ні пазітыўных, — кажа студэнт 5 курса МДЛУ Арсеній.

Паводле яго слоў, студэнты лічаць, што Пішчыкаў іх справакаваў, а не наадварот.

— 95% студэнтаў настроены негатыўна. Кажуць, што будуць спрыяць яго звальненню. Яго ўжо занеслі ў "базу карнікаў Беларусі" і старонку ягонага сына ва "УКантакце" чамусьці туды адправілі.

— Ва ўніверы некаторыя ў шоку, што менавіта ён так сябе павёў. Некаторыя сказалі, што наогул на пары хадзіць не будуць, таму што расчараваліся ў ім. Я, вядома, буду хадзіць на пары. Зраблю выгляд, што нічога не бачыў. Але меркаванне пра яго крыху змянілася. Я не ведаў, што ён можа сябе так праявіць, — кажа Яўген.

Яшчэ адзін студэнт з 5 курса МДЛУ, у якога Валерый Пішчыкаў выкладаў год, таксама здзіўлены і не разумее, як такое магло адбыцца. Студэнт адзначае, што гэта было неэтычна, але яму "трошкі шкада, што менавіта ён паступіў такім чынам".

— Было вельмі сумна, і не толькі мне, бачыць тое, што ён рабіў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі