Вы тут

Выказваем заклапочанасць: ЗША сыходзяць з Афганістана, а Канадзе не да святаў

Вельмі кароткі агляд асноўных навін / калаж Еўрарадыё

Афганістан застаецца са сваімі праблемамі адзін на адзін, у Канадзе зусім няма святочнага настрою ў нацыянальнае свята.

Але мы ведаем, дзе шукаць добрыя навіны, калі здаецца, што ў свеце адбываецца нешта не тое. У Букінгемскім палацы.

Каралева на электракары

Каралева за экалагічнасць. Нядаўна Лізавета II прыехала ў Шатландыю і зазірнула ў Эдынбургскі інстытут змены клімату. Дабралася яна туды на экалагічным электрамабілі.

Пагаварыўшы з экспертамі, яна прызнала: нам на самой справе трэба будзе змяніць сваю мадэль паводзін. Мяркуючы па каралеўскім транспарце, гэта не проста словы: каралева сказала — каралева зрабіла.

ЗША сыходзяць з найбуйнейшай ваеннай базы Афганістана

Калісьці вайсковая база Баграм была апорай савецкіх войск. Затым — амерыканскіх. А хутка афганцам самім давядзецца адказваць за бяспеку ў рэгіёне.

Апошнія войскі ЗША і НАТА сышлі з гэтай ключавой афганскай базы. Яна магла змяшчаць да 10 тысяч вайскоўцаў. Тут былі закапаныя абломкі вежаў-блізнят — пажарныя і паліцыя Нью-Ёрка спецыяльна прыляталі сюды, каб пахаваць іх.

Але вайна каштавала ЗША дорага. І гаворка не толькі пра чалавечыя жыцци. Паводле ацэнак экспертаў, Штаты выдаткавалі на Афганістан 2,26 трлн. долараў.

Калі ўсё пойдзе па плане, апошні амерыканскі салдат павінен сысці з краіны да 11 верасня — у гадавіну трагедыі ў Нью-Ёрку. А напярэдадні і Германія з Італіяй абвясцілі, што згортваюць свае місіі ў краіне.

Сусветныя СМІ пішуць: гэта можа азначаць, што хутка ўсе замежныя войскі пакінуць Афганістан. А следам выказваюць занепакоенасць: Талібан падбадзёраны чаканнем іх вываду.

Лічыцца, што вайна забрала жыцці больш за 47 000 мірных жыхароў Афганістана і амаль 70 000 афганскіх вайскоўцаў. Тут загінулі 2442 амерыканскія салдаты, амаль 4000 амерыканскіх супрацоўнікаў прыватных ахоўных арганізацый, 1144 салдаты з іншых краін кааліцыі.

Цяпер Афганістану даюць права самастойна вызначаць свой шлях і разбірацца са сваімі праблемамі.

Добрыя навіны з ЗША: больш ніякіх пакаранняў смерцю ў турмах

За апошнія месяцы знаходжання Трампа на пасадзе прэзідэнта было прыведзена ў выкананне 13 смяротных прысудаў. Гэта здарылася ўпершыню пасля 17-гадовага перапынку.

Зараз у камерах смяротнікаў у ЗША знаходзіцца 50 чалавек. І генпракурор пастанавіў: хопіць, уводзім мараторый.

Нетыповы дзень Канады

З Канады ў апошні час паступаюць толькі дрэнныя навіны.

Учора ў краіне павінны былі святкаваць Дзень Канады. Але атрымалася зусім не святочна.

Традыцыйна гэты дзень адзначаюць у дзень заснавання краіны брытанцамі ў 1867 годзе. Але некалькі дзён таму ўсё змянілася, калі на месцы школ-інтэрнатаў выявілі масавыя дзіцячыя пахаванні. Гэтыя дзеці — прадстаўнікі карэнных народаў, якія тут жылі. Гнеў спагналі на помніку.

Гэта не першыя падобныя раскопкі. У Канадзе цяпер расследуюць працу навучальных устаноў, у якіх "перавыхоўваліся" дзеці з ліку карэннага насельніцтва. Цяперашнія канадскія ўлады лічаць гэтыя праграмы перавыхавання генацыдам.

Так што замест звычайных святочных мерапрыемстваў сёлета падалі помнікі і праходзіў марш з лозунгам "Every Child Matters" ["Кожнае дзіця мае значэнне". — Еўрарадыё].

Удачы вам з украінцамі

І навіны спорту. Заўтра англічане згуляюць на "Еўра-2020" з Украінай. Пра гэты матч гавораць ужо на вышэйшым узроўні!

Зараз канцлер ФРГ Ангела Меркель знаходзіцца з афіцыйным візітам у Брытаніі. Канцлер пажадала англічанам поспеху ў матчы з украінцамі. Яе яшчэ чакае сустрэча з каралевай і з прэм'ер-міністрам Борысам Джонсанам.

Daily Mail жартуе: толькі не загаворвайце з канцлерам пра футбол! Напярэдадні Германія прайграла Вялікабрытаніі з лікам 2:0. Але гэта не перашкодзіла ёй пажадаць поспеху англічанам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.