Выказваем заклапочанасць: ва Ухані знайшлі каранавірус. Сур'ёзна, зноў

Навіны свету на наш выбар / калаж Еўрарадыё
Навіны свету на наш выбар / калаж Еўрарадыё

Еўрапейскія палітыкі спрабуюць пераканаць еўрапейскіх жыхароў прышчапіцца. А ў кітайскім Ухані тэстуюць усіх запар, таму што вірус да іх чамусьці вярнуўся.

Што адбылося сёння ў свеце, чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.

 

Адзіная сведка смерці лідара Гаіці

Першая лэдзі Гаіці папрасіла свет дапамагчы знайсці забойцаў яе мужа. Яна была адзінай сведкай яго смерці і расказала СNN, што да гэтага часу не разумее, дзе ў той момант былі ахоўнікі.

Калі ноччу ля дома раздалася страляніна, Марціна Маіз не думала, што нападнікі змогуць дабрацца да яе мужа. Па яе словах, у доме павінна было быць 30–50 ахоўнікаў.

Паводле першапачатковай справаздачы следчых, у Жавенеля Маіза стралялі 12 разоў, на яго твары, тулаве, нагах і руках былі выяўленыя кулявыя адтуліны. Ён нічога не сказаў людзям, якія ў яго стралялі.

Нават пасля нападу ахоўнікі не прыйшлі. Першую лэдзі знайшла пакаёўка, якая прынесла прэзідэнцкі гальштук, каб зрабіць жгут.

"Я хачу, каб Савет Бяспекі ААН дапамог знайсці гэтых людзей", — сказала Марціна Маіз.

 

Ва Ухані знайшлі каранавірус

Мы нічога не пераблыталі, гэта не састарэлая навіна. Улады кітайскага Уханя, у якім жыве 11 мільёнаў чалавек, пратэсціруюць кожнага жыхара.

Усё таму, што ў горадзе, які першым захварэў і адным з першых вылечыўся ад COVID-19, зноў выявілі некалькі выпадкаў заражэння.

Цяпер у Кітаі — адна з найбуйнейшых успышак захворвання за некалькі месяцаў. За 10 дзён было выяўлена 300 выпадкаў. Пацярпелі каля 15 правінцый па ўсёй краіне.

Улады звязваюць распаўсюджванне віруса са з'яўленнем новага, вельмі заразнага штама "Дэльта".

Вакцынуйся, каб атрымаць зарплату

Некалькі краін Еўропы зрабілі — ці зробяць — вакцынацыю ад каранавіруса абавязковай для медработнікаў. У Італіі гэтую меру ўжо задзейнічалі, у Францыі і Грэцыі — плануюць. А Вялікабрытанія з восені мае намер у абавязковым парадку прышчапіць і супрацоўнікаў дамоў састарэлых.

Не ўсе медыцынскія работнікі засталіся задаволеныя. У Італіі на гэтым тыдні заслухаюць некалькі судовых пазоваў. Іх падалі тыя, хто не хоча прышчапляцца. У Вялікабрытаніі петыцыя супраць магчымай абавязковай вакцынацыі сабрала больш за 72 тысячы подпісаў.

Урады таксама настроеныя рашуча. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў, што ў медыкаў ёсць час на прышчэпку да 15 верасня. А пасля гэтага тэрміну невакцынаваным супрацоўнікам сістэмы аховы здароўя перастануць плаціць зарплату.

Да падобных мер збіраюцца звярнуцца ў Грэцыі, каб заахвоціць вакцынавацца персанал дамоў састарэлых.

Год таму медыкі прасілі: "Застаньцеся дома дзеля нас". Цяпер, здаецца, падобны заклік гучыць у іх адрас: прышчапіцеся дзеля нас. Ці хоць бы каб атрымаць зарплату.

У Германіі паводзяць сябе спакайней: там усё яшчэ вераць, што многія з тых, хто хацеў бы прышчапіцца, проста не паспелі гэта зрабіць. Значыць, трэба зрабіць вакцыны і інфармацыю пра іх больш даступнымі.

 

Пяць фунтаў

Каралеўскі манетны двор выпусціў памятную манету, прысвечаную кнізе "Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса" Льюіса Кэрала. На ёй адлюстраваная сустрэча Алісы з двайнятамі Гу-та-та і Гу-ля-ля. І нагода ёсць: з дня выхаду кнігі спаўняецца ўжо паўтары сотні гадоў.

Раней каралеўскі манетны двор выпускаў манеты з сюжэтамі, звязанымі з жыццём каралеўскай сям'і. Але потым пашырылі тэматыку літаратурай і спортам. Мабыць, змеркаваўшы, што брытанскі футбол і брытанская проза свету цікавыя параўнальна моцна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі