Вы тут

Выказваем заклапочанасць: усё дрэнна, але хоць АВВА вярнулася!

Навіны з усяго свету за пяць хвілін / калаж Еўрарадыё

Мядзведзі выйшлі на вуліцы Каліфорніі, таму што людзі адтуль сышлі. Дождж абрынуўся на паўночны ўсход ЗША так нечакана, што людзі нават не паспелі падрыхтавацца.

У гэтым аглядзе яшчэ некалькі доказаў таго, што нам трэба паводзіць сябе з планетай акуратней. Гэта пытанне жыцця і смерці.

 

Як быццам выліўся ўвесь Ніягарскі вадаспад

Калі амерыканцы вярталіся дадому, яны не ведалі, што хмары ўжо згушчаюцца над іх дамамі. Паўночны ўсход ЗША пацярпеў ад раптоўнай і магутнай паводкі і тарнада.

"Мы не ведалі, што паміж 20:50 і 21:50 мінулай ноччу нябёсы літаральна раскрыюцца і на вуліцы Нью-Ёрка выліецца Ніягарскі вадаспад", — сказала губернатарка Нью-Ёрка Кэці Хокул.

Прычына такіх катаклізмаў у зменах клімату. Разабрацца з гэтым, па словах прэзідэнта Джо Байдэна, — пытанне жыцця і смерці. Ён не перабольшвае. У гэтай апошняй паводцы загінулі ўжо як мінімум 45 чалавек.

Большасць загінулых спрабавалі схавацца ад урагану ў падвалах або знаходзіліся ў сваіх машынах.

Як менавіта змены клімату ўплываюць на частату штармоў, дагэтуль не ясна. Вядома толькі, што падвышэнне тэмпературы марской паверхні награвае паветра, а гэта значыць, што ўраганы, цыклоны, тайфуны атрымліваюць больш энергіі. І магчыма, становяцца мацнейшымі.

 

У вас па вуліцах мядзведзі ходзяць

І яшчэ трохі пра надвор'е. Па вуліцах Каліфорніі ходзяць мядзведзі. На жаль, смешнага тут мала: прычына ў пажарах вакол возера Таха. Агонь ужо знішчыў каля сямісот дамоў.

Пасля масавых эвакуацый мясцовых жыхароў жывёлы выйшлі на пустыя вуліцы.

У звычайны час гэта папулярны сярод турыстаў рэгіён. Тут ёсць гарналыжны курорт, але цяпер снежныя гарматы працуюць з іншай мэтай: ратавальнікі ўключылі іх, каб падтрымліваць у рэгіёне вільготнасць.

 

Міру ў Афганістане так і няма

Мінулай ноччу ў паўночнай частцы Афганістана ўспыхнулі сутыкненні паміж баевікамі "Талібана" і антыталібскай групоўкай — Фронтам нацыянальнага супраціву.

Гэта адбылося ў цясніне Панджшэра — эпіцэнтры афганскай партызанскай вайны. Гэты горны рэгіён — апошні буйны аплот фронту, галоўнага саперніка "Талібана".

Па словах прадстаўнікоў ФНС, мінулай ноччу сутыкненні былі вельмі інтэнсіўныя. І пачаліся на наступны дзень пасля таго, як лідар талібаў заклікаў панджшэрцаў пагадзіцца на амністыю і не пачынаць баявых дзеянняў. Ён кажа, што сітуацыя павінна быць вырашана мірным шляхам.

Што такое ФНС? Пасля таго як савецкія вайскоўцы выйшлі з Афганістана, розныя групы спрабавалі захапіць кантроль над краінай. Неўзабаве быў створаны Паўночны альянс, цяпер ён ёсць галоўным складнікам ФНС.

Групе, якую ўзначальваў Ахмад Шах Масуд, удалося ўтрымаць уладу над Панджшэрам і не дапусціць сюды талібаў. У 2001 годзе баевікі "Аль-Каіды" яго забілі, і цяпер яго месца заняў яго сын, Ахмад Масуд. У даліне Масуд і ФНС збіраюць праціўнікаў талібаў, у тым ліку — рэшткі афганскага войска.

Галоўнае, пра што гаворыць Масуд: "Талібан" не змяніўся, хоча панаваць ва ўсёй краіне, а перамовы вынікаў не даюць.

Гэта мой сабака

Летась у Вялікабрытаніі ўкралі каля дзвюх тысяч хатніх жывёл. У сямі з дзесяці выпадкаў гэта сабакі.

За дні пандэміі колькасць запытаў "купіць шчанюка" ў гугле сярод брытанцаў вырасла на 160%. І цэны на жывёл таксама выраслі. Вось махляры, магчыма, і зарабляюць перапродажам крадзеных сабак.

Урад вырашыў: хопіць гэта трываць. Цяпер у краіне крадзеж хатняй жывёлы могуць зрабіць крымінальным артыкулам. Таму што ўладальнікі ўкрадзеных сабак не проста губляюць уласнасць, але і адчуваюць стрэс і маральныя пакуты.

 

Ніколі не позна завесці тык-ток

"Мама мія, АВВА выратавала гэты год!" — прыкладна так адрэагаваў свет на вяртанне гурта, ды яшчэ і з новымі песнямі.

Некаторыя пісалі, што вось проста цяпер плачуць ад шчасця. Што, вы яшчэ не плачаце? А вы ўжо паслухалі новы трэк?

Афіцыйны акаўнт гурта ў тык-току — так, менавіта там! — менш чым за пяць дзён сабраў каля мільёна падпісчыкаў. І менавіта там выклалі відэа, на якім інструменталіст гурта грае на фартэпіяна новую песню — першую амаль за сорак гадоў.

Песня называецца I still have faith with you — гэта значыць "Я ўсё яшчэ ў цябе веру". Але гэты трэк — гэта яшчэ не ўсё. АВВА вернецца з цэлым новым альбомам. Самы час перайсці па спасылцы і нарэшце ўжо плакаць ад шчасця.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.