Вы тут

Выбары прэзідэнта ў Казахстане альбо шлях дачкі Назарбаева да вяршыні ўлады

Reuters

9 чэрвеня ў Казахстане праходзяць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Паводле прагнозаў, прэзідэнтам стане в.а. Касым-Жамарт Такаеў. Дачка першага лідара краіны Нурсултана Назарбаева, Дарыга, застанецца ўзначальваць парламент, і неўзабаве Казахстан стане парламенцкай рэспублікай.

Датэрміновыя выбары фармальна пераследуюць дзве мэты, піша "Новая газета".

Па-першае, па Канстытуцыі выбары трэба было б правесці ў снежні 2020-га года, але гэта парадаксальным чынам парушае гэтую ж Канстытуцыю, паколькі тады атрымліваецца, што прэзідэнт (а тэрмін Такаева лічыцца разам з тэрмінам Назарбаева) знаходзіцца на сваёй пасадзе даўжэй прызначанага тэрміна на некалькі месяцаў. Таму ў адміністрацыі прэзідэнта звярнуліся да старой праверанай схемы, бо ў краіне ні разу не было выбараў у тэрмін, усё праводзілася загадзя.

Па-другое, сам Такаеў падчас прамога тэлезвароту заявіў, што выбары дазволяць "зняць нявызначанасць". "Мы павінны пацвердзіць пераемнасць, прадказальнасць і стабільнасць нашай унутранай і знешняй палітыкі", — сказаў Такаеў. Іншымі словамі, на каго ўказаў Назарбаеў (гэта значыць на Такаева), таго выбраць і трэба. А магічнае "я параіўся з Елбасы" [кіраўніком дзяржавы. — рэд. ] толькі пацвярджае: у крэсле прэзідэнта Такаеў даў волю сваім амбіцыям і гатовы кіраваць далей пад мудрым позіркам Назарбаева.

Агітацыйны білборд Касым-Жамарта Такаева / Reuters

З вялікай доляй верагоднасці менавіта Такаеў будзе абраны прэзідэнтам краіны 9-га чэрвеня. Яго галоўны канкурэнт — старэйшая дачка Назарбаева Дарыга — з гонкі знялася, нават у яе не уступаючы. 9 чэрвеня Такаеў, абышоўшы ўсіх спойлераў (калі такіх наогул дапусцяць), атрымае 70-75% галасоў. Замахвацца на назарбаеўскія 97,75% нельга.

Але вось далей Такаеву, па факце, няма на што абаперціся, паколькі газавая галіна ў краіне кантралюецца Дарыгай Назарбаевай, нафта — прэзідэнтскім зяцем Цімурам Кулібаевым, СМІ знаходзяцца ва ўладзе той жа Дарыгі, сілавікі — у Нурсултана Назарбаева.

У апошнія перад аб'явай выбараў дні была прыкметная спроба згуляць на грамадскай падтрымцы (перасталі блакаваць інтэрнэт, адмовіліся ад будаўніцтва гарналыжнага курорта ў Алматы), але ў казахстанскіх рэаліях — гэта максімальна ненадзейны падмурак. 

Людзі галасуюць падчас прэзідэнцкіх выбараў у вёсцы Туздыбастау пад Алматы, 9 чэрвеня 2019 года / Reuters

Прэзідэнт у сілу сваіх паўнамоцтваў можа паўплываць на банкаўскую сферу, але і там зараз дэ-факта ўсё кантралюе сям'я Назарбаева.

Уявіць, што ў гэтай сітуацыі Такаеў зможа быць паўнавартасным прэзідэнтам, вельмі складана. Нядаўна прэзідэнт Казахстана ездзіў у Маскву сустракацца з Уладзімірам Пуціным, і сустрэчу складана назваць вельмі плённай: расійскага прэзідэнта, мяркуючы па фота, больш цікавілі ўласныя рукі, а выніковая сумесная заява ўтрымлівала толькі тэзіс аб недапушчэнні "фальсіфікацыі гісторыі". Для шматгадовага дыпламата Такаева вельмі крыўдным мусіць выглядаць жарт пра тое, што другі прэзідэнт Казахстана патрэбен толькі для таго, каб ездзіць у Маскву перадаваць Пуціну прывітанне ад першага прэзідэнта.

Такім чынам, выбары ў чэрвені 2019-га года нічога не даюць самому Такаеву. Гэтая спешка відавочным чынам тлумачыцца толькі жаданнем Нурсултана Назарбаева паспець завяршыць транзіт улады пры сваім жыцці. У гэтым выпадку важна, каб да моманту поўнага сыходу Назарбаева з палітыкі нішто не пагражала ні выбудаванай ім сістэме, ні асабіста сям'і і капіталам. Такаеў — надзейны назарбаевец, але без самога Елбасы ў групе падтрымкі яму будзе вельмі складана справіцца з ціскам кланаў. Такім чынам, захаваць сістэму можа толькі чалавек з сям'і. А кандыдат на гэтае месца зараз толькі адзін — усё тая ж Дарыга Назарбаева.

Дарыга Назарбаева / Reuters

Назарбаевай зусім не абавязкова абірацца прэзідэнтам. Пры жывым бацьку гэтая пасада дэкаратыўная, а папраўкі ў Канстытуцыю 2017 года (пра якія ўсе ўжо крыху забыліся, і, мабыць, дарма) маюць на ўвазе ўзмацненне ролі парламента, які Дарыга Назарбаева і ўзначальвае. Лагічны завяршальны крок транзіту — ператварэнне ў парламенцкую рэспубліку: гэты варыянт абмяркоўваўся два гады таму, але тады вырашылі, што яшчэ не час. Цяпер нічога не перашкаджае скончыць пачатае, і ў такім выпадку галоўныя паўнамоцтвы ў краіне застануцца ў сям'і.

А калі раптам па нейкіх прычынах транзіт завяршыцца не паспее, Дарыга Назарбаева ўсё адно застаецца другім чалавекам у краіне з кантролем над важнымі рэсурсамі — эканамічнымі і інфармацыйнымі. І — на ўсялякі выпадак: Дарыга Назарбаева ўзначальвала ў сенаце камітэт, які нічога не вырашаў, але быў звязаны з арміяй, — так што там усе Назарбаеву ведаюць. Трэба будзе проста пачакаць. Уменне трываць — важная асаблівасць усходняй палітыкі.

Першы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў, абвясціў аб рашэнні пакінуць свой пост 20 сакавіка 2019-га года. Па яго словах, ён зрабіў усё, каб краіна акрыяла ад наступстваў распаду СССР і выйшла на сусветную арэну ў якасці вялікага гульца.

Пры гэтым Назарбаеў асабліва падкрэсліў, што "да канца сваіх дзён" застанецца ва ўсіх на вачах — як раз як кіраўнік Савета бяспекі. Сваёй асноўнай задачай ён пры гэтым бачыць правядзенне будучых выбараў так, каб яго курс быў працягнуты. Выконваючым абавязкі прэзідэнта стаў спікер Сената Касым-Жамарт Такаеў, прысягу ён прынёс раніцай 20 сакавіка.