Вярхоўны суд не змяніў прысуд 16 фігурантам справы ашмянскіх мытнікаў

Вярхоўны суд не змяніў прысуд 16 фігурантам справы ашмянскіх мытнікаў

Вярхоўны суд пакінуў без змены прысуд 16 ашмянскім мытнікам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу суда.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыю на прысуд Мінскага аблсуда ад 8 жнiўня 2017 года. Прысуд аспрэчвалі 16 былых супрацоўнікаў мытнага пункта пропуску "Каменны Лог" Ашмянскай мытні. У выніку прысуд пакінуты без змены, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.

Мытнікаў асудзілі за хабар пры выплаце мытных плацяжоў. Суд прызначыў ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Максімальнае пакаранне склала 11,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Двух чалавек суд прыгаварыў да абмежавання волі. Літоўскага прадпрымальніка вызвалілі з-пад варты ў зале суда, прызначыўшы яму штраф.

Акрамя Мінаблсуда справы пра масавыя хабары ашмянскіх мытнікаў разглядалі суды Партызанскага, Фрунзенскага, Кастрычніцкага і Заводскага раёнаў сталіцы.

Па версіі суда, за хабар мытнікі бесперашкодна прапускалі буйныя партыі тавараў праз дзяржаўную мяжу Беларусі ў пункце пропуску "Каменны Лог".