Вы тут

Вядомая тэлевядучая абражала жанчыну ў прысутнасці малой дзяўчынкі?

2 снежня ў інтэрнэце апублікавалі аматарскі відэаролік з удзелам асобы, падобнай да зоркі беларускага тэлебачання.

“Твая маці звычайна з палюбоўнікам час бавіць… Ды ладна, чаго вы быкуеце! Вы ж у нас спецыяліст па жанатых мужчынах”, — кажа ў адрас жанчыны асоба, падобная да тэлевядучай. Усё гэта чуе маленькая дзяўчынка.

Жанчына, у адрас якой выказваюцца абразы, — гэта былая жонка вядомага і ўплывовага бізнэсмэна. Яго сённяшняя жонка — вядомая тэлевядучая.

У бізнэсмэна і яго былой жонкі ёсць сумесная дачка.

Як стала вядома Еўрарадыё з ананімных судовых крыніц, 25 траўня суд Цэнральнага раёна Мінска вызначыў месца жыхарства маленькай дачкі з бацькам-бізнэсмэнам. Гэты судовы працэс стаў даволі рэзанансным у юрыдычных колах. Падставы, якімі кіраваўся суд, — гэта тое, што ў бізнэсмэна большая і лепш абстаўленая кватэра. А таксама тое, што, як вырашылі ў судзе, дзяўчынка сама больш схіляецца да бацькі.

Былая жонка дагэтуль аспрэчвае гэтае судовае рашэнне.

Праўда у тым, што мне ўжо каля года не даюць бачыцца з роднай дачкой. Былы муж шматразова заяўляў, што ў гэтай краіне ён можа ўсё, і што мне лепш не супраціўляцца і рабіць так, як неабходна і зручна яму. Я знаходжуся ў стане адчаю. 

Ілона Герашчанка, мама дзяўчынкі, якую суд перадаў на выхаванне тэлевядучай і былому мужу-бізнэсмэну

У скандальным відэароліку сказана, што роднай маці замінаюць сустракацца з дачкой.

Еўрарадыё не ўдалося звязацца з тэлевядучай з-за яе адсутнасці ў Беларусі. З уплывовым бізнэсмэнам таксама пакуль пагутарыць не ўдалося.

Жанчына, у адрас якой на відэа негатыўна выказваецца тэлезорка, — гэта Ілона Герашчанка. Яна — дырэктар дзіцячага адукацыйнага міжнароднага клуба Global Child.

“Усё, што пра мяне кажа гэтая тэлезорка, — паклёп. Праўда у тым, што мне ўжо каля года не даюць бачыцца з роднай дачкой. Мой былы муж вельмі ўплывовы чалавек. Лічу, што ён мне помсціць за тое, што я ў свой час ад яго сышла. Былы муж шматразова заяўляў, што ў гэтай краіне ён можа ўсё, і што мне лепш не супраціўляцца і рабіць так, як неабходна і зручна яму. Я знаходжуся ў стане адчаю. Мае правы не змаглі ўзнавіць судовыя выканаўцы, міліцыя, органы апекі. Баюся, што іх мэта — канчаткова пазбавіць мяне магчымасці бачыць дачку. Хоць для гэтага няма ніякіх падставаў”, — каментуе Ілона Герашчанка.

Еўрарадыё рыхтуе буйны матэрыял пра гэтую скандальную сітуацыю і дасць магчымасць выказацца ўсім бакам, якія прысутнічаюць на відэа.

Фота diva.by