Камітэт супраць катаванняў ААН просіць Швецыю не выдаваць віцяблянаў з амбасады

Камітэт супраць катаванняў ААН просіць Швецыю не выдаваць віцяблянаў з амбасады

Сакратарыят Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека даслаў ліст ад Камітэта супраць катаванняў па сітуацыі з віцяблянамі Віталём і Уладзіславам Кузнечыкамі, якія другі месяц хаваюцца на тэрыторыі шведскай амбасады ў Мінску. 

Камітэт ААН звярнуўся да ўладаў Швецыі з просьбай забяспечыць недатыкальнасць заяўнікаў. Гэта азначае, што Швецыі забараняюць перадаваць Кузнечыкаў беларускім уладам, патлумачыў юрыст са Швейцарыі Вадзім Драздоў, які дапамагае віцяблянам у абароне. 

"Хоць фармулёўка просьбы камітэта і вельмі агульная, для бакоў, якія ўдзельнічаюць у справе, відавочна, што яна, самае галоўнае, уключае забарону на перадачу кліентаў уладам Беларусі. Ніхто і нішто іншае цяпер не пагражаюць іх асабістай недатыкальнасці. Па сутнасці, камітэт пагадзіўся з тым, што ім удалося папярэдне даказаць рызыку прымянення да іх катаванняў і / або іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання. Гэта вельмі важны момант, бо рашэнне пра забеспячальныя меры не азначае, што камітэт ужо вынес канчатковае рашэнне па іх скарзе. Тэарэтычна камітэт у будучыні можа і адхіліць скаргу", — цытуе TUT.by словы Драздова.

Юрыст патлумачыў, што гэты ліст не абавязвае Швецыю даваць Кузнечыкам статус уцекача, від на жыхарства і г.д., хаця і можа зрабіць гэта 

Далейшы лёс віцяблянаў залежыць ад уладаў Швецыі. "Напрыклад, можна дамовіцца з уладамі Беларусі і атрымаць дыпламатычныя гарантыі, каб Кузнечыкі мелі магчымасць бесперашкодна пакінуць Беларусь", — тлумачыць юрыст.

Як распавядала Еўрарадыё, 11 верасня Віталь (47 гадоў) і Уладзіслаў (29 гадоў) Кузнечыкі схаваліся на тэрыторыі амбасады Швецыі, жадаючы папрасіць палітычнага прытулку. З таго часу яны не пакідаюць тэрыторыю дыпламатычнага прадстаўніцтва. 

У відэа, які запісаў Уладзіслаў, ён паведаміў, што абодва яны ўдзельнічалі 6 верасня ў акцыі пратэсту ў Віцебску. Там адбылася жорсткая сутычка з міліцыяй. Кузнечыкам удалося сысці ад затрымання, але яны некалькі дзён хаваліся, пакуль дабраліся да шведскай амбасады. 

Праверкай па справе Кузнечыкаў займаўся Следчы камітэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі