Вячорка: Нават калі Трамп назаве Лукашэнку сябрам, імгненна пацяплення не будзе

Вячорка: Нават калі Трамп назаве Лукашэнку сябрам, імгненна пацяплення не будзе

Дыскусія “Між Усходам і Захадам: Беларусь на скрыжаванні” прайшла 9 траўня ў Вашынгтоне. Арганізаваў яе аналітычны цэнтр The Atlantic Council. Асноўнымі дакладчыкамі з беларускага боку былі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і кіраўнік “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман. Браў удзел у канферэнцыі, хоць і не быў ад пачатку пазначаны ў праграме мерапрыемства, лідар кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Па словах беларускага журналіста Франака Вячоркі, які прысутнічаў на дыскусіі, усе ўдзельнікі выказваліся за развіццё кантактаў паміж ЗША і Беларуссю, нягледзячы на “пэўныя праблемы з правамі чалавека” ў нашай краіне.

Вячорка: “Гэта быў бенефіс, шоў беларускіх уладаў, задачай якой было пераканаць у неабходнасці ЗША ахвяраваць правамі чалавека дзеля бяспекі ў рэгіёне”.

Па словах Вячоркі, прадстаўнікі беларускай дэлегацыі вельмі старанна даводзілі амерыканскім слухачам пра патэнцыйную небяспеку для незалежнасці Беларусі з боку Расіі. Маўляў, “трэба супрацоўнічаць і падтрымліваць Лукашэнку, бо калі гэта не рабіць, то прыйдзе Расія”. Але на думку суразмоўцы Еўрарадыё, пераканаць амерыканцаў у беларускай дэлегацыі не вельмі атрымалася ― у зале было шмат тых, хто добра памятае няўдалае пацяпленне ўзору 2009-2010 гадоў.

Вячорка: “Да ўсяго, не можа адбыцца пацяпленне за адзін месяц. Нават калі Трамп скажа, што “Лукашэнка ― лепшы сябра ЗША і давайце забудзем пра апазіцыю”. Усё адно працэс пацяплення можа заняць гады. Пакуль яны вернуць амбасадара, пакуль адновяць кантакты”.

Таму, кажа Вячорка, гэта дыскусія больш была падобная на “закідванне вуды”, праверка, наколькі амерыканцы змянілі свае патрабаванні і ці не надумалі яны адсунуць пытанні правоў чалавека і дэмакратычных свабод на другі план.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі