Вулічны музыка, які спяваў з Тайлерам, за выступ у Мінску зарабіў 20 долараў

Вулічны музыка, які спяваў з Тайлерам, за выступ у Мінску зарабіў 20 долараў

Увечары ў пятніцу 16 кастрычніка выпадкова даведваемся, што расійскі вулічны музыка Саша Анісімаў, які парваў інтэрнэт сваім дуэтам са Стывам Тайлерам з Aerosmith, грае ў Мінску. Праз паўгадзіны знаходзім Сашу паміж станцыяй метро "Няміга" і Палацам спорту: у невялікім коле мінакоў музыка, не зважаючы на холад, грае сусветныя хіты.

“Я цяпер у асноўным замежныя песні спяваю”, ― адказвае Саша на просьбу дзяўчат выканаць бумбоксаўскую “Вахтёрам” і заводзіць трэк 30 Second to Mars. Саша не хавае, што прыехаў у Мінск зарабіць грошай: цяпер ён і яго сям’я жывуць у Браславе.

У Анісімавых нядаўна нарадзіўся трэці сын і грошай катастрафічна не хапае:

“Грошай няма. А музыка ― гэта ж мая адзіная крыніца прыбытку”.

Пакуль Саша спявае знакамітую “Zombie” гурта The Cranberries, Ірына, якая адмыслова прыйшла на Сашын выступ, дзеліцца ўражаннямі:

“Я хаджу пры кожнай зручнай магчымасці паслухаць Аляксандра, таму што спявае ён здорава. Усё лета адхадзіла на яго канцэрты. Я лічу, што такая праца мусіць аплачвацца. Ён павінен не проста стаяць на вуліцы, а выступаць перад вялікай аўдыторыяй. І, думаю, поспех будзе вялікі. Яго кавер-версіі не рэжуць слых, але, зрузумела, патрэбны і свой рэпертуар ― па ім Сашу будуць пазнаваць”.

А вось дзяўчаты побач, Света і Вераніка, сёння чуюць Аляксандра ўпершыню:

“Мы пачулі знаёмую песню, якую вельмі любім. Спадабалася, як Саша яе спявае, і падышлі паслухаць. Спявае ён вельмі прыгожа".

 

Вулічны музыка, які спяваў з Тайлерам, за выступ у Мінску зарабіў 20 долараў

Паціху вакол Сашы, які прыехаў у Мінск з гітарай, невялічкім гукаўзмацняльнікам і мікрафонам, збіраюцца мінакі. Спыняюцца, прытанцоўваюць, падпяваюць, слухаюць. А вось з “падзякай” не спяшаюцца.

“Я сёння сюды паспяваць выйшаў, відаць, а не папрацаваць”, ― уздыхае Анісімаў і па просьбах публікі пачынае рускамоўную частку сваёй праграмы.

У перапынку размаўляем з Сашам. Ён кажа, што пакуль ён і сям’я будуць заставацца ў Беларусі, хоць у Маскве яны маюць і жыллё, і з працай там прасцей. Аднак тамтэйшая экалогія не дазваляе Анісімавым прыняць канчатковае рашэнне пра пераезд.

“Калі б я застаўся ў Маскве, дакладна было б шмат прапаноў па працы, ― працягвае Аляксандр. ― Але паколькі я з’ехаў, усё заціхла. Праўда, я думаю, што сітуацыя (з Тайлерам, — Еўрарадыё) усё адно мне дапаможа, бо гэта адбылося не так сабе ― я ў гэтым упэўнены”.

У планах Анісімава ― граць у клубах разам з бэндам і заняцца сваім жа прасоўваннем. Да таго ж, Саша працуе над уласным рэпертуарам, ужо запісаныя шэсць песень, якія ў хуткім часе ён збіраецца паказаць. Пакуль жа дэманструе вялізны спіс песень, напісаны дробным шрыфтам. На першай старонцы ― замежныя хіты.

“У замежных песнях чуваць вакальны ўзровень. Бо калі спяваеш “Белы снег, шэры лёд” Цоя ― ну што гэта?! Калі я іх і спяваю, то раблю свае фірмовыя аранжыроўкі, і трэкі гучаць у новым святле”.

Вулічны музыка, які спяваў з Тайлерам, за выступ у Мінску зарабіў 20 долараў

Праўда, песень беларускіх артыстаў у рэпертуары Сашы Анісімава амаль няма. Хлопец прызнаецца, што хацеў развучыць “Тры чарапахі”, але пакуль рукі не дайшлі. Часам спявае “Это любовь” “Ляпісаў”. А летам папулярнасцю карысталася “Грай”:

“Не тое, каб яна мне вельмі падабаецца. Па музыцы ― так, сімпатычная песня. У тэкст я не ўнікаў (Саша ― карэнны масквіч, ― Еўрарадыё). Проста публіка яе добра ўспрымае”.

Заробак Сашы за вечар невялікі ― 350 тысяч рублёў. Гледзячы на вынік, музыка кажа, што ўсё ж не выключае свайго вяртання ў Маскву: маўляў, прыярытэты прыярытэтамі, а сям’ю карміць трэба.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі