Вы тут

Восень алігарха: узлёты і падзенні імперыі Чыжа

АЗС "Трайпл" у Мінску

Юрый Чыж доўгі час быў адным з самых багатых і адным з самых уплывовых бізнесменаў краіны. СМІ называлі яго "кашальком Лукашэнкі". Чыж ездзіў з кіраўніком Беларусі ў Сочы, Эміраты па рабочых пытаннях, збіраў бульбу і кавуны.

"Імперыя Чыжа" раптам дала трэшчыну чатыры гады таму. У сакавіку 2016-га бізнесмен і менеджары яго кампаніі "Трайпл" былі затрыманыя. Далей былі расследаванні і суды. А ўжо гэтай вясной, у траўні, "Трайпл" прызнаў сябе банкрутам.

У 2013-м Юрый Чыж узначаліў (цяпер на 88-м месцы) рэйтынг 200 самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў, які рэгулярна складае інтэрнэт-партал "Ежедневник". Нядрэнна для ўраджэнца вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна і выпускніка электратэхнічнага факультэта БПІ?

Нафта, будаўніцтва, футбол

Чыж пачынаў у дзевяностыя гады з вытворчасці шклопакетаў, у 1992 годзе арганізаваў кампанію "Трайпл". У 1994-м яна пачала вырабляць газіроўку, якая неўзабаве стала прадавацца па ўсёй краіне.

У 1999 годзе Юрый Чыж уключаны ў Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Аляксандру Лукашэнку. У гэтым жа годзе бізнесмен стаў уладальнікам футбольнага клуба "Дынама-Мінск". Чыж быў свавольным футбольным босам: за 1999–2019 гады ён 33 разы мяняў галоўнага трэнера каманды.

У 2002-м Юрый Чыж прыйшоў у нафтавы бізнес. "Трайпл" закупляў у Расіі нафту, перапрацоўваў яе ў Мазыры і Наваполацку, прадаваў нафтапрадукты ў Еўропу. У 2009 годзе была адкрыта першая заправачная станцыя ў Мінску.

Адначасна развіваліся іншыя галіны: у 2005-м быў пабудаваны і адкрыты  гарналыжны курорт "Лагойск" з прылеглымі да яго катэджнымі пасёлкамі. У 2006-м адкрыты першы супермаркет ProStore.

У 2010 годзе над Траецкім прадмесцем быў пабудаваны знакаміты шматпавярховы жылы комплекс, вядомы як "Дом Чыжа". Кампаніі бізнесмена займаліся літаральна ўсім, на чым можна было добра зарабіць.

Хітрыкі Еўропы

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Юрый Чыж і яго кампаніі трапілі пад санкцыі Еўрасаюза. Бізнесмен быў абвешчаны на Захадзе персонай нон грата, а "Трайпл" трапіў пад эканамічныя абмежаванні. Чыж спрабаваў вярнуць сабе свабоду перамяшчэння праз суд. А паралельна запусціў будаўніцтва гатэля Kempinski да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Беларусі.

Але да траўня 2014 года адкрыць Kempinski не ўдалося. Хоць забудоўшчык — СП "Эліт-Эстэйт", даччынае прадпрыемства кампаніі "Трайпл", — быў вызвалены ад выплаты мытных пошлін і ПДВ пры ўвозе тавараў для праектавання, будаўніцтва і абсталявання комплексу. Лукашэнка асабіста падаўжаў тэрміны будаўніцтва і здачы, пакуль не выбухнуў скандал: афіцыйны прадстаўнік сеткі Kempinski Марыя Кун у канцы 2014 года заявіла, што ніякіх праектаў з Беларуссю ў кампаніі няма. З тых часоў за гэтым будынкам замацавалася мянушка: "Не-Kempinski".

У 2015 годзе Суд Еўрасаюза адмяніў рашэнне Савета ЕС аб увядзенні санкцый супраць Юрыя Чыжа і яго прадпрыемстваў праз адсутнасць дастатковых доказаў датычнасці прадпрымальніка да фінансавання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Першыя праблемы

Але ў тым жа годзе ў бізнес-імперыі пачаліся першыя праблемы. Па падазрэнні ў махлярстве КДБ быў затрыманы даўні партнёр Чыжа Уладзімір Япрынцаў і яго сын Казбек. Па звестках СМІ, сын Япрынцава ад імя "Трайпла" абяцаў пастаўкі нафтапрадуктаў розным кампаніям, браў перадаплату, але абавязацельстваў не выконваў. У выніку заяву на Япрынцава напісаў сам Юрый Чыж.

У 2016 годзе бізнесмен і сам стаўся затрыманы па падазрэнні ў няплаце падаткаў. Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што той спрабаваў уцячы — "нёсся на хуткасці 220 км/г у бок заходняй мяжы".

Праз некалькі месяцаў Чыж выйшаў на волю (кампенсаваўшы шкоду). Казбек Япрынцаў быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі, а Уладзіміру Япрынцаву абвінавачванне перакваліфікавалі на ўкрывальніцтва злачынства, і яму быў прысуджаны штраф.

Маленькі праменьчык надзеі засвяціўся

У 2017 годзе Юрыя Чыжа зноў заўважылі ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі: алігарх быў запрошаны на ўрачысты прыём з нагоды 20-годдзя хакейнай каманды кіраўніка Беларусі. Але бізнес усё роўна імкліва ішоў на спад. Чыж пачаў пазбаўляцца ад часткі сваіх актываў (напрыклад, у рэстаранным бізнесе). Гіпермаркеты ProStore на вул. Каменнагорскай і на праспекце Дзяржынскага былі прададзеныя БПС-Ашчадбанку, а гандлёвы цэнтр "Арэна-Сіці" — Белаграпрамбанку. У 2020-м за кампаніяй "Прастормаркет" не лічылася ні аднаго гандлёвага аб'екта.

У 2019 годзе суд задаволіў іск упраўлення Мінгарвыканкама аб тым, што актывы ФК "Дынама-Мінск" 20 гадоў таму былі атрыманы Юрыем Чыжом незаконна. Так бізнесмен страціў кантроль над футбольным клубам.
 

У 2020-м ТАА "Трайпл" накіравала ў Эканамічны суд Мінска заяву аб прызнанні сябе банкрутам. Ад магутнай імперыі на 5 тысяч супрацоўнікаў засталося пяць філіялаў з персаналам на 345 чалавек. Гэта рэстаран "Залаты грабеньчык", лядовая арэна ў Бярозе, гарналыжная база "Лагойск", сельгаспрадпрыемства "Трайпл-Агра" і СПА-цэнтр у Мінску. Усе яны будуць ліквідаваныя, а маёмасць распрададзеная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.