Вольгу “прывязалі” да месца размеркавання, дзе для яе няма працы

У Мінску няма вакансій для настаўнікаў гісторыі, таму ім прапануюць працаваць у дзіцячых садках ці заставацца без працы Год таму Вольга скончыла гістфак мінскага педагагічнага універсітэта. Усю групу размеркавалі па месцы жыхарства ў райвыканкамы. Вользе пашанцавала — яе накіравалі ў аддзел адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Вакансіі для гісторыкаў там не было, і ёй прапанавалі працаваць… у дзіцячым садку.

Упраўленне адукацыі Фрунзенскага раёну: “У нас вельмі шмат вакансій засталося. Настаўнікаў фізікі і матэматыкі не хапае, а выхавацеляў у дзіцячых садках — шмат. Прычым катастрафічна. Для настаўнікаў гісторыі ў нас няма вакансій. Мы ім прапаноўваем працу сацыяльных педагогаў ці выхавацеляў групы падоўжанага дня, то бок у любым выпадку мы іх працаўладкоўваем. Мы маем на гэта права з іх згоды”.

Вользе давялося шукаць сабе працу самой. Дзяўчына паступіла ў магістратуру, скончыла яе і зноў засталася без працы. Таму што “прывязаная” да месца размеркавання. Упраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна не адпускае дзяўчыну. Відаць чакаюць пакуль яна згадзіцца на працу ў дзіцячым садку.

Маладому спецыялісту-гісторыку са ступенню магістра і другой спецыяльнасцю рэлігіязнаўства нічога акрымя дашкалят прапанаваць не могуць.

Вольга:
“І яны не адпускаюць мяне, не даюць вольнага працаўладкавання. Я не магу больш сядзець на шыі ў маці, і яны не даюць мне працаваць. На гэтым тыдні мой Фрунзенскі райвыканкам ад мяне адмовіўся, напісаўшы, што ў іх няма вакансій. Мае аднакурснікі ў іншых раёнах у такой самай сітуацыі! Выпускнікам гэтага года ўжо давалі вольныя дыпломы, бо месцаў не было на гісторыкаў!”

Справа можа дайсці да яшчэ аднаго размеркавання. І тады маладога настаўніка, хутчэй за ўсё, адправяць працаваць далёка ад дома.

Вольга:
“Яны палохаюць тым, што цяпер яны могуць нас пераразмеркаваць туды, дзе знойдуць працу. Кажуць, хоць у вёску”.

Размеркаваны малады настаўнік другі год не мае працы. Тым часам, на мінулым тыдні прэзідэнт і віцэ-прэм’ер Аляксандр Касінец вельмі абураліся тым, што 5,8% маладых спецыялістаў змяняюць сваю спецыяльнасць пасля адпрацоўкі тэрміна размеркавання. У выніку дзяржава нібыта страчвае больш за 25 мільярдаў рублёў за год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі