Вольгу Класкоўскую перавялі ў турму з больш мяккім рэжымам

Гэта адбылося больш за тыдзень таму, пасля таго, як Вярхоўны суд Швецыі адмовіўся разглядаць справу беларускай грамадзянкі і набыло моц рашэнне апеляцыйнага суда, перадае БелаПАН. Да гэтага моманту Вольга Класкоўская знаходзілася ў СІЗА.





Як адзначае зняволеная ў лісце да сваёй маці, у турме Хінсеберг адбываюць вялікія тэрміны жанчыны, асуджаныя за забойствы. Пры гэтым у турме ёсць прагулкі, перакуры і рэальна знайсці працу.





Пра затрыманне Вольгі Класкоўскай стала вядома 2 красавіка. Яе арыштавалі ў горадзе Ханінгу на поўдзень ад Стакгольму. Некалькі гадоў таму Класкоўская атрымала ў Швецыі статус палітычнага ўцекача, але ў 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем. Неўзабаве яна зноў паехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Улады Швецыі, нягледзячы на такія акалічнасці, адмовілі ёй у відзе на жыхарства і прынялі рашэнне дэпартаваць Класкоўскую без права абскарджання.





6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў адабралі ў яе малалетняга сына на падставе таго, што беларуска не можа забяспечыць яму нармальныя ўмовы для пражывання. Дачка Класкоўскай Міраслава, якая мае беларускае грамадзянства, цяпер жыве на радзіме.





23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў Вольгу Класкоўскую вінаватая ў замаху на забойства цяпер ужо былога мужа Гёкая Безгіна. Вольгу асудзілі на восем гадоў турэмнага зняволення. Таксама яна абавязаная выплаціць Безгіну грашовую кампенсацыю ў 110 тысяч шведскіх крон. 5 лістапада Апеляцыйны суд Стакгольма пакінуў прысуд у сіле, але скараціў тэрмін турэмнага зняволення да сямі гадоў.