Віталь Скалабан: каго Беларусь згубіла ў яго асобе?

110823 SidarevichS.mp3

Еўрарадыё: Памёр Віталь Скалабан. Каго Беларусь згубіла ў яго асобе?

Анатоль Сідарэвіч: Гэта быў выдатны спецыяліст, знаўца свайго прадмета, выдатны папулярызатар - не толькі як лектар, але і як чалавек, які ўмеў пісаць. Акрамя таго, сцэнарыст. Дастаткова згадаць тое, што ён пісаў для сцэны – “Людвіка і Фабіян”, пра каханне Людвікі Сівіцкай, яна ж Зоська Верас, і Фабіяна Шантыра. Сцэнарыі да фільмаў - “Ніколі я не паміраў” пра Янку Купалу, сцэнарый фільма пра Цішку Гартнага. Ён выдатны знаўца архіваў. Як архівіст ён вельмі шмат папрацаваў дзеля публікацыі дакументаў і больш аддаленай і блізкай гісторыі, скажам, гісторыі Беларусі напачатку нямецка-савецкай вайны 1941-1945 гадоў.

Еўрарадыё: Ці ёсць сярод цяперашніх гісторыкаў нехта, хто здольны прыйсці на замену Віталю Скалабану?

Анатоль Сідарэвіч: Віталь Скалабан 23 гады працаваў у энцыклапедыях, ён вымушаны быў займацца не толькі біяграфіямі гісторыкаў, але і іх біліяграфіяй. Я цяпер перабіраю, каго я ведаю з архівістаў. Я ня ведаю такога архівіста, які адначасова валодаў бы і ведамі, і здольнасцю гэтыя веды і вусна і пісьмова перадаваць. 

Еўрарадыё: А ці стварыў спадар Віталь уласны архіў?

Анатоль Сідарэвіч: У яго вельмі багаты архіў. У яго нават была праблема ўпарадкавання. Наколькі я ведаю, ён свой архіў, не парадкуючы, здаў у Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва, дырэктарам якога з’яўляецца Ганна Запартыка. 

Еўрарадыё: Скалабана друкавалі і "Советская Белоруссия", і "Наша Ніва". У чым сакрэт Скалабана?

Анатоль Сідарэвіч: Я напісаў ва ўспамінах, што ён чалавек-даведнік, "Звязда" напісала, што ён чалавек-архіў, а Людміла Рублеўская ў СБ напісала, што ён рыцар факта. І ў сваіх успамінах я таксама напісаў, што ён вельмі жорстка прытрымліваўся дакладнасці. У яго добрая вывучка, ён скончыў Ленінградскі ўніверсітэт, у якім выкладалі светачы гістарыяграфіі, светачы навукі пра архівы і музеі.

Фота— svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі