Віка Мароз: “Я жадаю пабачыць Эмануэля на ўласныя вочы!”

На мінулым тыдні Віка Мароз – самая вядомая беларуская сірата – павінна была ляцець на адпачынак у Італію. Аднак радзіма не выпусціла дзяўчынку са сваіх чэпкіх абдымкаў. Пагутарыць з дзяўчынкай і высветліць, што адбылося ў аэрапорце, атрымалася ў журналістаў газеты “Салідарнасць”. Нагадаем, італьянскія СМІ пісалі, што 2 жніўня 11-гадовая Віка Мароз павінна была выляцець з Мінска ў Кагалета. У Італію дзяўчынку суправаджалі яе апякуны, сям’я Васілеўскіх. Гэтая турыстычная паездка была адзінай магчымасцю для Вікі ўбачыцца з тымі, каго яна лічыць сваімі маці і татам – Марыяй-К’ярай Барначын і Алесандра Джуста. У італьянскім аэрапорце беларусаў сустракалі мэр Кагалета і маці Марыі-К’яры Барначын. Аднак, як высвятлілася, дарма.

Спрабуючы высветліць, што адбылося, “Салідарнасць” датэлефанавалася ў Жодзіна прыёмнай сям'і Вікі Мароз. Трубку зняла сама дзяўчынка. Амаль на ўсе пытанні яна адказвала аднолькавымі фразамі “Не ведаю, не ведаю”.

Журналісты папрасілі Віку, каб яна запрасіла да тэлефона Алену Уладзіміраўну Васілеўскую або кагосьці з з дарослых, і пачулі ў слухаўцы: “цётка Лена, гэта журналістка!” Аднак праз некалькі імгненняў дзяўчынка паведаміла, што дома нікога няма. Мабыць з нейкіх прычынаў Алена Уладзіміраўна кантактаваць з прэсай не жадае.

Вось якая размова адбылася ў журналістаў з самой Вікай Мароз:

– Віка, вы ездзілі на мінулым тыдні ў аэрапорт?
– Так, ездзілі. Але нас у самалёт не пусцілі…

– Чаму?
– Не ведаю.

– Яшчэ будзеце спрабаваць паляцець у Італію?
– Так. Але калі – не ведаю.

– Днямі табе тэлефанавалі твае блізкія Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын?
– Так.

– Пра што вы гаварылі?
– Не памятаю.

– А ты ведаеш, што ў іх нарадзіўся сын Эмануэль?
– Ведаю. Я радая, але жадаю пабачыць яго на свае вочы.

На гэтым гутарка з Вікай Мароз скончыўся.

Міністэрства адукацыі ніяк не тлумачыць, у чым складаецца сутнасць праблемы. Прэс-сакратар міністэрства Віктар Іўчанкаў у адпачынку. Чалавек, які мог бы адказаць на пытанні замест яго, таксама адпачывае.

Адвакат беларускага амбасадара ў Рыме растлумачыў сітуацыю юрыдычнымі фармальнасцямі, якія, быццам бы не выканала адна адказная за афармленне паездкі асацыяцыя. Аднак дакладнага адказу на пытанне, чаму маленькая Віка так і не пабачыла на свае вочы маленькага Эмануэля, дагэтуль няма.

"Салідарнасць"

Фото: rian.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі