Відэатрансляцыя канцэрта "Ляпіса Трубяцкога" на Еўрарадыё!

Ці пойдзе Міхалок у прэзідэнты?

У "Арэне" працуе вялікая здымачная група. Адказны за гук — сапрадзюсар апошніх альбомаў “Ляпісаў” Улад Ярун ды адказны за відэа-сэт кліпмэйкер Аляксей Церахаў руляць на сваіх месцах! У інтэрв'ю Еўрарадыё Церахаў тлумачыць асаблівасць відэа:


"Тое, што вы ўбачыце на канцэрце ў “Сіменс-Арэне”, — гэта не будзе проста нейкі віджэйскі сэт. Гэта будзе, хутчэй, вельмі кансерватыўны відэа-арт. У авангардным ключы. Гэта не будзе поп. Гэта будзе нешта ў стылі відэа-арта 1970-х, гэткі олдскул".


Альбом "Грай" — першая цалкам беларускамоўная пласцінка за ўсю доўгую гісторыю "Ляпісаў". У яе ўвайшлі беларускамоўныя песні з апошніх альбомаў гурта, а таксама некалькі новых трэкаў. Пра праграму канцэрта распавядае дырэктар гурта Яўген Калмыкоў:


"Гэта перадусім акцэнт на беларускамоўных песнях гурта, якія мільгалі ў апошніх альбомах. Па адной-дзве кампазіцыі. А вось цяпер гэта ўсё ператварылася ў паўнавартасны “Грай”. Гэта першае. А другое, да нас едуць землякі. Вядома, на канцэрце будуць і літоўцы, і ўкраінцы, і з Масквы нехта прыедзе. Але асноўная публіка — гэта будуць беларусы. І такі канцэрт будзе адзін. Мы не збіраемся рабіць тур “Грай”. Гэта будзе такі “Усебеларускі сход”.


Вдэатрансляцыя арганізаваная дзякуючы тэхнічнаму забеспячэнню партала TUT.by. Прэзентацыя "Грай" стартавала ў 20.00 па беларускім часе. Але падключыцца да падзеі он-лайн можна было на паўтары гадзіны раней — з моманту адкрыцця дзвярэй Siemens Arena. Прамыя ўключэнні з пляцоўкі чаргаваліся з паказам эксклюзіўнага відэа ад гурта і кліпамі.

Фота: lyapis.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі