Усё ж экстрэмізм: суд адмовіў "Вечернему Могилёву" ў скарзе

Усё ж экстрэмізм: суд адмовіў "Вечернему Могилёву" ў скарзе

Эканамічны суд Мінска не падтрымаў пазоў рэдакцыі газеты "Вечерний Могилёв", якая аспрэчвала рашэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі. Нагадаем, што гэтая камісія знайшла праявы экстрэмізму ў публікацыях, прысвечаных тэме ЛГБТ.

Як піша праваабарончы сайт "Вясна", на суд прыйшло каля 12 чалавек: рэдакцыя газеты, іх група падтрымкі і журналісты. Таксама на судзе прысутнічалі прадстаўнікі Акадэміі наук, у тым ліку з Цэнтра даследавання беларускай мовы і культуры. 

Юрыст выдання Станіслаў Леўчанка прасіў прызнаць заключэнне экспертнай камісіі несапраўдным. На што прадстаўнікі Акадэміі заявілі, што камісія дзейнічала кампетэнтна і ў рамках закона.

Рэдакцыя "Вечернего Могилёва" спаслалася на словы патрыярха ўсяе Русі, які не лічыць гомасэксуальнасць нормай. "Гэта грэх, які разбурае годнасць чалавека", — заяўляе рэдакцыя "ВМ". У якасці аргумента таксама прагучала заява, што Беларусь з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай ААН, якая заклапочаная пытаннямі сям'і, і ўвогуле ў грамадзян Беларусі ёсць "права на традыцыйныя каштоўнасці".

Прадстаўнікі выдання таксама звярнулі ўвагу суда на іншыя беларускія СМІ: "Маса СМІ Беларусі поўная праслаўлення неканстытуцыйнай змены ўлады, але чамусьці яны не выклікаюць рэакцыі ў Мінінфармацыі... Чаму не бачаць канфліктагенны патэнцыял ва ўсялякіх перформансах, якія ладзяць палітычныя структуры, фінансаваныя Захадам?"

Прадстаўнік Рэспубліканскай экспертнай камісіі падкрэсліў, што яны не даюць прававой ацэнкі тэкстам, а толькі знаходзяць негатыўныя моманты. А потым ужо суд вырашае, ці маюць яны прыкметы экстрэмізму.

Спрэчкі пачаліся вакол слова "п**раст", якое ў газеце не лічаць вульгарызмам. Прафесар Інстытута беларускай мовы НАН Аляксандр Лукашанец заявіў у судзе, што слова "п**раст" не з'яўляецца вульгарызмам, а толькі медыцынскім тэрмінам. "Аднак яно можа быць крыўдным для прадстаўнікоў гэтай групы людзей", — дадае навуковец.

Падчас перапынку ў судзе прадстаўнікі "Вечернего Могилёва" заявілі, што камісія прымала суб'ектыўнае рашэнне, і сышлі, не чакаючы прысуду.

Суд адмовіў выданню ў задавальненні скаргі. Рашэнне можа быць абскарджанае на працягу 15 дзён.

Наперадзе ў газеты — суд у Магілёве за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі