"Важна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў" — Ціханоўская

Беларусь за калючым дротам

Беларусь за калючым дротам / delfi.lt

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала магчымае з'яўленне новых падстаў для анулявання віду на жыхарства беларусаў у Літве. Як стала вядома, у Сейм унесены законапраект, які прадугледжвае пазбаўленне ВНЖ беларусаў, якія часта ездзяць на радзіму.

Ціханоўская падкрэслівае, што гэта яшчэ не закон, а толькі прапанова. І Кабінет спрабуе пераканаць дэпутатаў Сейма, "што ў такім выглядзе папраўкі не павінны быць прынятыя".

"Бо людзі, уцекачы ад палітычнага пераследу, і так не могуць вярнуцца дадому, каб дапамагчы блізкім, наведаць пахаванне сваякоў або паказаць дзецям родныя мясціны, — піша Святлана Ціханоўская. — А тыя, хто могуць перасякаць мяжу без страху апынуцца ў турме, робяць гэта не з-за любові да Лукашэнкі або падтрымкі ваеннай агрэсіі супраць Украіны, а па асабістых прычынах".

Ціханоўская нагадвае, што падчас сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі яна заўсёды кажа: "Важна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў". Яна разумее, што літоўцаў насцярожваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі. І падкрэслівае, што гэта яго рэжым "імкнецца пасварыць беларусаў і літоўцаў".

"І ў той жа час я хачу звярнуцца да беларусаў: не трэба ездзіць у Беларусь, калі гэта пагражае небяспекай! — піша Святлана Ціханоўская. — Добрыя намеры не вартыя таго, каб апынуцца за кратамі. Абмен дакументаў або здзелкі з нерухомасцю не зробяць вас шчаслівымі, калі не будзе магчымасці ўсім гэтым скарыстацца. І ўжо тым больш не перасякайце мяжу, калі вы ўладальнік гуманітарнай візы або палітычнага прытулку. Бо гэта не толькі сігнал для рэжыму звярнуць на вас павышаную ўвагу, але і падстава для дзяржаўных органаў Літвы ануляваць дазвол на часовае знаходжанне. Паколькі вы паказалі падставай для яго выдачы немагчымасць вярнуцца ў сваю краіну".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі