Вайцюшкевіч: Пакуль што кожны сам сабе ціхай сапай выжывае

Пасля адмены шэрагу канцэртаў беларускіх гуртоў, якія трапілі ў міфічны, але даволі дзейны “чорны спіс”, Еўрарадыё вырашыла даведацца, як музыкі плануюць выступаць далей. На думку Змітра Вайцюшкевіча, пакуль гэтае пытанне застаецца нявырашаным, бо кожны спрабуе знайсці шляхі выжывання.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Я не ведаю, зараз такая сітуацыя, што аддзелы культуры на нервах, таму традыцыйна па-беларуску трэба пакінуць усё ў спакоі. Мы спрабавалі зрабіць у палацы ветэранаў канцэрт для Японіі, у падтрымку, з японскай праграмай (песні дыску WZ-orkiestra "Месяц і Сонца" - складанкі з перакладзеных на беларускую старадаўніх японскіх песень - заўв. Еўрарадыё). Але нам сказалі: "Нават не думайце! Рабіць канцэрт, каб потым яго адмяняць..." Таму будзем думаць пра замежжа. Мне здаецца, што зараз у кожнага свая ідэя фікс: у Вольскага праехацца па Беларусі, у "Ляпісаў" дайграць канцэрт (1,2 красавіка ў "Рэактары" - заўв. Еўрарадыё). Калі раптам забароняць канцэрт "Ляпісаў", ці тур па Беларусі Вольскага, то магчыма, нешта і будзем рабіць. А зараз пакуль што кожны сам сабе ціхай сапай выжывае".

Дырэктар гурта “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў пацвердзіў, што пакуль ніякіх дзеянняў ці акцый ад каманды не плануецца, нягледзячы на адмены выступаў у Гомелі ды Магілёве. Гэтае пытанне, па словах Яўгена, будзе вырашацца ў залежнасці ад таго, як пройдуць канцэрты 1 і 2 красавіка ў мінскім “Рэактары”. Праўда, адмены канцэртаў на тэрыторыі Беларусі наўрад ці моцна паўплываюць на “Ляпісаў”, так жа як і на жыццё драматурга Андрэя Курэйчыка, які ў асноўным працуе за мяжой, але пераязджаць на заўёды пакуль не планаваў.

Андрэй Курэйчык: "Я перакананы, што пракат будзе працягвацца, але поскудзі могуць быць, напрыклад, будуць забараняць казаць пра мяне ў прэсе, але гэта дробязі. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, то я не выключаю, што проста пераеду адсюль. Калі чыноўнікам тут непатрэбныя айчынныя дзеячы культуры, то, як правільна сказаў Лявон Вольскі, застаецца толькі зрабіць так жа, як зрабілі Бродскі, Растраповіч з Вішнеўскай, Бунін, Набокаў..."

Нагадаем, што ў адказ на “чорны спіс” Андрэй Курэйчык выйшаў з Рэспубліканскай грамадскай рады па справах культуры і мастацтва. Але пакуль ніякіх праблем, як з выкладчыцкай дзейнасцю ва Універсітэце культуры, так і з пракатам стужак, паводле яго сцэнароў, не ўзнікала. Не ўзнікала пытанняў з выкладаннем і ў лідара “Палаца” Алега Хаменкі, а вось запланаваныя канцэрты гурта музыка прадбачліва адмяніў самастойна.

Алег Хаменка: "Зараз я выступаю толькі як Алег Хаменка. Ну, на розных там сустрэчах.. А канцэрты мы самі паздымалі, каб не ставіць арганізатараў ды ўладальнікаў клубаў у жудаснае становішча, калі неабходна выглядаць шкоднікамі, ці ворагамі. Каб захаваліся нармальныя адносіны. Трэба яшчэ гэта ўсё асэнсаваць, трэба яшчэ перагаварыць паміж сабой, каб зрабіць нейкі такі крок, што не будзе шкодным, а будзе зразумелым і карысным".

Арганізатар рок-канцэртаў беларускіх музыкаў Павел Кашырын, разам з лідарам Neuro Dubel Аляксандрам Кулінковічам надрукавалі адкрыты зварот да прыхільнікаў, дзе распавялі пра сваё стаўленне да забаронаў канцэртаў і “чорных спісаў”. А пэўны час таму Аляксандр Кулінковіч у сваім блозе на партале naviny.by прапанаваў Міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму пракаментаваць сітуацыю, а магчыма і сустрэцца зноў. Аднак адказу ад спадара Праляскоўскага, які ў 2008 годзе будучы галоўным ідэолагам краіны зняў забарону на канцэрты рокераў, пакуль няма.

Лідар гурта “Крамбамбуля” Лявон Вольскі, чый канцэрт у рэстаране “Госці” адмянілі з-за, нібыта, яго ж хваробы, лічыць, што ніякіх дыялогаў з уладай не атрымаецца, гэта будзе толькі згублены час.

Лявон Вольскі: "Ніякіх не можа быць сустрэч ні з кім! Яны сустракаюцца з намі, калі ім гэта трэба. Ім спусцілі зверху нейкую разнарадку, маўляў, трэба сустрэцца з гэтымі ды з гэтымі, каб мець прыгожы твар перад Еўропай, бо ў нас зараз будзе лібералізацыя... ён тады: а можна з вамі сустрэцца? і ўсе адразу: ой, натуральна, можна. А зараз там будзеш аббіваць парогі, а ніхто не будзе сустракацца, ніякі Праляскоўскі. Зараз не трэба ні з кім сустракацца".

Нагадаем, што адразу пасля з’яўлення новага “чорнага спісу” ў інтэрнэце, Алег Праляскоўскі заявіў, што гэта плётка і ніякіх забаронаў не існуе. Гэтую сітуацыю больш не каментаваў ніводны чыноўнік, але выступы музыкаў пачалі адмяняцца адзін за адным, прычым па дзіўных прычынах. 

“Калі я даведаўся, колькі канцэртаў сарвалася ў музыкаў, для якіх гэта адзіны сродак для існавання, я шчыра кажучы быў моцна шакаваны, – абураецца Андрэй Курэйчык. – Гэта вяртанне да нейкіх цемрашальскіх таталітарных савецкіх часоў. І я разумею, што будучыні ў краіны, якая так ставіцца да сваёй эліты, няма ніякай, гэта відавочна".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі