Валюта ідзе на склады

Дырэктарам заводаў забараняюць зніжаць кошты на прадукцыю, адпраўляць яе на склад і скарачаць вытворчасць Хаця склады пераважнай большасці беларускіх прадпрыемстваў ужо не змяшчаюць колькасць вырабленай, але не рэалізаванай прадукцыі, аб’ёмы і тэмпы вытворчасці на іх не памяншаюцца. Эканаміст Леанід Злотнікаў сцвярджае, што да гэтага дырэктараў змушаюць міністры і загадзя складзеныя планы па аб’ёмах выпуску. І пакаранне за невыкананне запланаваных паказчыкаў, кажа эканаміст, можа быць нават больш жорсткае, чым за затараныя склады.

Леанід Злотнікаў: “Разгрузіць склады можна, калі прадаваць танна. Але танна прадаваць забаронена. Можна разгрузіць, калі прыпыніць вытворчасць. Але прыпыняць вытворчасць таксама забаронена. Што рабіць дырэктарам? Танна прадаваць нельга, прыпыняць вытворчасць нельга і адпраўляць на склад нельга, бо яны і так забіты. І паказчыкі зніжаць нельга. Яны загнаныя ў кут, з якога выйсця няма. І таму паводзяць сябе так: за што менш пакараюць — тое і робяць”.

Такая эканамічная палітыка, паводле яго слоў, прывядзе да поўнага спынення і банкруцтва прадпрыемстваў.

Леанід Злотнікаў: “Скончыцца тым, што на склад пойдзе ўся тая валюта, якая ёсць у краіне. І валюты больш не будзе, каб закупіць новую сыравіну, запчасткі і гэтак далей. Гэта прывядзе да зніжэння аб’ёмаў вытворчасці і да спынення прадпрыемстваў у рэшце рэшт”.

На думку эканаміста Аляксандра Чубрыка, беларускі ўрад не здольны пайсці на скарачэнне вытворчасці проста з той прычыны, што гэта патрабуе змен, да якіх нашыя чыноўнікі не падрыхтаваныя. Менавіта таму быў абраны шлях усімі магчымымі сродкамі разгрузіць склады. І захаваць вытворчасць у ранейшых аб’ёмах.

Аляксандр Чубрык: “Каб істотна скараціць вытворчасць — гэта патрабуе нейкіх захадаў па аптымізацыі колькасці занятых, структуры вытворчасці. Патрабуе нейкіх зменаў у эканамічнай палітыцы. І ўрад сёння больш скіраваны на тое, каб скараціць запасы. Хаця адначасова захаваць вытворчасць і скараціць запасы, відавочна, немагчыма”.

Праўда, прагнозы на будучыню ў яго не такія змрочныя, як у Леаніда Злотнікава.

Аляксандр Чубрык: “У нашай планавай эканоміцы зараз з’яўляецца другі планавы паказчык. Гэта — адносіны запасаў да аб’ёмаў вытворчасці. Я думаю, што зараз гэты паказчык будзе з’яўляцца больш істотным, чым тэмпы росту вытворчасці”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца на саміх прадпрыемствах аб прычынах, якія перашкаджаюць ім часова прыпыніць альбо скараціць вытворчасць. Але намеснік генеральнага дырэктара па рэалізацыі і тэхнічным сэрвісе Мінскага маторнага завода Віктар Марцінкевіч адмовіўся абмяркоўваць гэтую тэму, спаслаўшыся на вялікую занятасць. Таксама не захацелі адказваць на пытанні Еўрарадыё на Мінскім аўтазаводзе.

Затое ў аддзеле збыту Аршанскага льнокамбіната нечакана паведамілі, што яны, наадварот, пашыраюцца і павялічваюць аб’ёмы вытворчасці.

Льнокамбінат: “Не, пытання аб скарачэнні ў нас не ўзнікала. Нас, наадварот, пашыраюць: набралі новыя аддзелы”.

Не бачаць сэнсу ў скарачэнні вытворчасці і на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прычым, кажа галоўны інжынер завода Генадзь Карніцкі, ім удаецца не толькі аб’ёмы не скарачаць, але і склады ачышчаць.

Генадзь Карніцкі: “Мы трымаем гэтую планку выканання аб’ёмаў. Усё рэалізуецца па гэтых аб’ёмах і плюс — адбіраем запасы са складоў”.

На заводзе ўжо, кажа галоўны інжынер, мараць пра  тое, каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці.

Генадзь Карніцкі: “Выбярэм усё са складоў — будзем нарошчваць вытворчасць. Зараз жа сэнсу няма. Трэба выбіраць склады і выдаваць у тых межах, якія адсоткі абгавораныя і ўзгодненыя з урадам”.

Намесніца ж генеральнага дырэктара па сувязях з грамадскасцю кампаніі “Савушкин продукт”  Алена Бабкіна была здзіўленая выказваннем пра тое, што дзяржава можа ім забараніць скараціць ці павялічыць аб’ёмы выпуску прадукцыі.

Алена Бабкіна: “Наша прадпрыемства з’яўляецца акцыянерным таварыствам, і доля дзяржавы складае там 1,7% акцый!”

Згодна з яе словамі, за апошнія паўгода яны, нягледзячы на ўсе “малочныя войны”, павялічылі аб’ёмы выпуску прадукцыі.

Алена Бабкіна: “Тэмп роста аб’ёмаў перапрацоўкі прадукцыі ў нас склаў 125%, а тэмп роста выпуска прадукцыі — 107%. Таму — не, мы не ўпалі”.

Больш за тое: за апошнія паўгода “Савушкин продукт” выдаткаваў 26 мільярдаў рублёў на тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемства.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі