Ва ўрадзе абяцаюць знізіць кошт квадратнага метра у новабудоўлях на 20%

Анатоль Сівак выступае перад дэпутатамі / прэс-служба ўрада

Кошт квадратнага метра ў новабудоўлях знізіцца да канца года. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак. Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай.

Цяпер цана "квадрата" роўная сярэдняму заробку ў Беларусі. Знізіць яе плануецца за кошт рэгулявання цэнаў на будматэрыялы і жорсткага кантролю за нацэнкай і рэнтабельнасцю.

"Ёсць цана квадратнага метра роўная сярэдняму кошту заробку, то каэфіцыент 1. У дадзеным выпадку мы будзем дзесьці ў раёне 0,8. Гэта значыць, будзе на 20% менш, чым сярэднямесячная заработная плата", — заявіў Сівак у каментары прэс-службе ўрада.

Сярэдні намінальны заробак у жніўні склаў 1 665,5 рубля (пасля абавязковых вылічэнняў — каля 1432 рублёў). А сярэдні кошт квадратнага метра ў новабудоўлях тыпу "эканом" у Мінску ў верасні быў у дыяпазоне ад 1115 да 1128 долараў за "квадрат" у залежнасці ад плошчы кватэры (ад 2793 да 2825 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.