Ва Украіне ствараюць "Гвардыю наступу" — 365-я раніца вайны

У "Гвардыю наступу " набіраюць добраахвотнікаў / vk.com
У "Гвардыю наступу " набіраюць добраахвотнікаў / vk.com

У акупаваным расіянамі Марыупалі зноў напярэдадні ўвечары прагрымелі выбухі. Іх было два. Гучна было ў раёне металургічнага камбіната, паведамляе Марыупальскія гарадскі савет. "Спадзяемся, што нашы абаронцы працягнуць біць па пазіцыях расійскіх акупантаў", — гаворыцца ў паведамленні гарсавета ў Telegram.

Апошнія дні ў Марыупалі было неспакойна. Увечары 21 лютага ў горадзе прагрымелі больш за 10 выбухаў, было некалькі трапленняў. У прыватнасці, па некаторых звестках, быў знішчаны склад у раёне аэрапорта. Яшчэ адна ракета (праўда, ужо ўчора раніцай) трапіла па складзе расійскіх боепрыпасаў у раёне порта, распавядае Hromadske.

На фронце расійскія войскі, верагодна, спрабуюць павялічыць тэмп сваіх наступальных аперацый ўздоўж лініі Купянск-Ліман ў Луганскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Эксперты спасылаюцца на расійскага блогера, які сцвярджаў, што расійскія войскі на гэтым напрамку прасунуліся на 5 км углыб. Пры гэтым ён адзначае, што "мясцовасць, лес і ўкраінскія ўмацаванні ўскладняюць расійскі наступ на заходняй лініі фронту Луганскай вобласці". Украінскі Генштаб са свайго боку сёння раніцай паведамляе, што "на Купянскім і Ліманскім кірунках праціўнік правёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні паблізу населеных пунктаў Стэльмахоўка, Краменная, Белагораўка, Фёдараўка".

Працягваюцца атакі расіян і ў Данецкай вобласці. Расійскія войскі атакуюць па ўсёй лініі фронту і "дамагліся нязначных тэрытарыяльных заваёў вакол Бахмута", кажуць у ISW. А ў Генштабе УСУ адзначаюць, што толькі на Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках за суткі былі адбітыя 43 атакі расіян.

В Украине создают “Гвардию наступления” — 365-е утро войны
Карта баёў у Луганскай і часткова Данецкай абласцях / understandingwar.org

Ва Украіне ідзе фарміраванне новых штурмавых брыгад "Гвардыі наступу". Вынікі добрыя, заявіў у вячэрнім відэазвароце ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Штурмавыя брыгады фармуе МУС. Ужо створана 8 падраздзяленняў. Кандыдат павінен запоўніць анкету, прайсці ваенна-медычную камісію, здаць псіхалагічны і фізічны тэст, а затым навучанне. Для ўсіх байцоў гэтых брыгад абяцаюць ільготы, якія ёсць у вайскоўцаў і паліцэйскіх. За першыя паўтары тыдні добраахвотнікі падалі амаль 15 тысяч заявак. І 800 чалавек ужо прайшлі вайскова-медычную камісію, піша Hromadske.

У відэазвароце Зяленскі таксама казаў пра новыя санкцыі. "Мы не будзем змяншаць ціск на ворага — як вонкавага, так і ўнутранага", — заявіў ён.

Польшча ўжо падрыхтавала свае танкі Leopard 2 да адпраўкі ва Украіну. Іх плануюць даставіць на працягу месяца. Пра гэта ўчора паведаміў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда у інтэрв'ю CNN. Паводле яго словаў, украінскія танкісты цяпер трэніруюцца на танках Leopard у польскім навучальным цэнтры. Гэтыя "ваенныя будуць гатовыя на працягу месяца вярнуцца ў Украіну разам з танкамі", сказаў Дуда. Пры гэтым ён прызнаўся, што Польшча цяпер мае сур'ёзныя праблемы з атрыманнем з Германіі запасных частак для танкаў. Але такія праблемы ёсць не толькі ў Варшавы.

"Праблемы з Leopard ёсць і ў іншых краінах, таму што ў немцаў сур'ёзная праблема з пастаўкамі запчастак. Мы не разумеем гэтую сітуацыю, але так яно і ёсць", — сказаў прэзідэнт Польшчы.

Тым часам у Міністэрстве абароны ЗША пракаментавалі паведамленні аб магчымых пастаўках Кітая смяротнай зброі Расіі для вядзення вайны ва Украіне. Гэтыя дзеянні "будзе мець наступствы", заявіла намеснік прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх. Яе цытуе CNN. "Мы не бачылі, каб яны аказвалі смяротную дапамогу Расіі ў гэты час для вайны, але яны таксама не здымалі гэта з парадку дня", — сказала Сінгх. Яна таксама дадала, што прадастаўленне Кітаем смяротнай зброі Расіі "безумоўна было б пралікам".

А ва Украіне прыдумалі, як абараніць ад вандалаў і злодзеяў вулічныя графіці мастака Бэнксі. Іх схавалі пад канструкцыяй, якую распрацаваў адзін з вытворцаў сістэм бяспекі. На працах Бэнксі ў Барадзянцы, Ірпені і Горанцы ўсталявалі абарону з кругласутачным бесправадным падключэннем да ахоўнай кампаніі. Ахоўныя канструкцыі забяспечаныя датчыкамі руху і ўдару, піша УНІАН.

В Украине создают “Гвардию наступления” — 365-е утро войны
Праца Бэнксі пад ахоўнай канструкцыяй / Ajax Systems

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі