Ва Украіне эвакуяваных з Кітая суайчыннікаў сустрэлі камянямі

Ва Украіне эвакуяваных з Кітая суайчыннікаў сустрэлі камянямі

Ва Украіне эвакуяваных з Кітая суайчыннікаў сустрэлі... камянямі. Масавыя беспарадкі адбыліся каля санаторыя ў пасёлку Новыя Санжары ў Палтаўскай вобласці. 20 лютага на самалёце з Уханя, цэнтра распаўсюду эпідэміі каранавіруса, прыляцелі 45 грамадзян Украіны і 27 грамадзян Ізраіля, Чарнагорыі, Аргенціны, Эквадора, Дамініканы, Сальвадора, Коста-Рыкі і Панамы. Яшчэ ў КНР іх усіх правяралі і заражэння не было выяўлена. Тым не менш, ва Украіне ўсіх 72 чалавек змясцілі пад двухтыднёвы агляд.

Пакуль самалёт ляцеў з Кітая ва Украіну, у шэрагу рэгіёнах пачалася сапраўдная істэрыя ў некаторых мясцовых жыхароў. У Новых Санжарах пачалі перакрываць дарогу да санаторыя аўтамабілямі, паліць шыны, там сабраўся вялікі натоўп людзей. Паліцыя вызваляла шлях для аўтобусаў з эвакуяванымі з Кітая ўкраінцамі і замежнікамі, адбыліся сутычкі. У гэты момант і паляцелі камяні, у некаторых аўтобусах было разбітае шкло. Зламысніка затрымалі.

Вядома пра 24 затрыманых, распачатыя дзве крымінальныя справы. Амаль дзясятак паліцэйскіх пацярпелі, ёсць пацярпелыя і сярод пратэстоўцаў.

Ахова санаторыя ўзмоцнена. Напярэдадні туды прыехаў прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук, міністр унутраных спраў Арсен Авакаў. А міністр аховы здароўя Зарана Скалецкая вырашыла... застацца з эвакуяванымі на два тыдні. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выступіў з асуджэннем пратэстаў. "Бактэрыялагічнай небяспекі няма, — заявіў ён. — Але ёсць іншая небяспека... Небяспека забыць пра тое, што ўсе мы людзі і ўсе мы — украінцы".

Некаторыя ўкраінскія палітыкі, грамадскія дзеячы, блогеры назвалі 20 лютага днём ганьбы. Так, як ва Украіне, эвакуяваных з КНР не сустракалі нідзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі