Вы тут

Усё залежыць ад Пуціна: звычайная рэцэсія або глыбокі крызіс на фоне санкцый

Заява пра Крым была для аднаго тэлегледача, каб атрымаць крэдыт? / Reuters

Беларусь не зможа налета зарабляць столькі, каб эканоміка расла, а сацрасходы заставаліся ранейшымі. Не будзе і валютнай выручкі, каб плаціць па даўгах. Застаецца спадзявацца на "добрую волю" Уладзіміра Пуціна.

Разбіраемся з экспертам, які эфект будзе ад пятага пакета санкцый ЕС і сінхронных яму санкцый ЗША, Вялікабрытаніі і Канады. А таксама чаму прызнанне Крыма расійскім можа стацца больш небяспечным за пяты пакет і што будзе, калі не пазычыць грошай налета.

Новыя санкцыі працуюць па старым механізме. Гэта значыць, што актывы беларускіх кампаній з чорных спісаў Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады ў гэтых краінах замарожваюцца, а іх рэзідэнтам нельга працаваць з санкцыйнымі фірмамі.

Пад санкцыі ЕС трапілі такія буйныя кампаніі, як "Белавія", "Гродна Азот" і яго філіял "Завод Хімвалакно", "Беларуснафта", "Белшына". ЗША забанілі сярод іншых Беларускую калійную кампанію.

Беларуская калійная кампанія займаецца продажам прадукцыі "Беларуськалія" / Еўрарадыё

Пакуль незразумела, наколькі радыкальныя гэтыя меры. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі адзначае, што могуць яшчэ з'явіцца тлумачэнні да санкцый і высветліцца, што не ўся прадукцыя ці паслугі структур са спіса забароненыя. Напрыклад, аказалася, што не ўсе беларускія калійныя ўгнаенні трапілі пад удар чацвёртага пакета санкцый ЕС.
 

Эфект "экспартнага цуду" наадварот

Еўрарадыё палічыла, што толькі ад санкцый ЕС на "Гродна Азот" і "Беларуснафту" экспарт можа прасесці на $800 млн у год. Праўда, калі гэта пачнецца, дакладна не вядома, бо санкцыі не закранаюць старыя кантракты.

Акрамя таго, пад санкцыямі ЗША апынулася Беларуская калійная кампанія. Летась туды было прададзена калійных угнаенняў на $101 млн. ЗША далі сваім рэзідэнтам час для таго, каб спыніць працу з Беларуссю да красавіка 2022 года.

Страта толькі пазначаных $901 млн — гэта 3% ад усяго беларускага экспарту ў 2020 годзе.

Банкі не стануць рызыкаваць супрацоўніцтвам з ЗША праз Беларусь / Reuters

ЗША не ёсць значным гандлёвым партнёрам Беларусі. Амерыканскія санкцыі дзейнічаюць на Беларусь у асноўным праз партнёраў.

Асаблівы эфект праз фінансавую сістэму. Амаль усе буйныя банкі свету так ці інакш завязаныя на ЗША ці маюць там галаўныя аддзяленні або філіялы.

Напрыклад, санкцыі ў дачыненні да Беларускай калійнай кампаніі гэта не проста значыць, што нельга будзе разлічвацца ў доларах. Многія банкі, асабліва буйныя, не захочуць наогул звязвацца з падсанкцыйнымі кампаніямі. Для іх юрысдыкцыя ЗША значна важнейшая.

Тое, што ЗША ўвялі забарону на фінансаванне Мінфіна і Банка развіцця на тэрмін больш за 90 дзён, не мяняе іх становішча, лічыць эксперт. Бо яны і так з пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі не могуць атрымаць фінансаванне за мяжой. Цяпер гэта проста замацавана санкцыямі.
 

Дзяржаве давядзецца падтрымліваць санкцыйныя кампаніі

"Белшына" не паспела акрыяць пасля мадэрнізацыі, а ўжо трапіла пад санкцыі / "Белшына"

Некаторым прадпрыемствам удасца адносна лёгка акрыяць ад санкцый і працаваць, калі міжнародная палітыка Беларусі стане адэкватнай. Іншыя давядзецца ратаваць, бо яны і так стратныя.

Калі мы гаворым пра Беларускую калійную кампанію і "Беларуськалій", то калій заўсёды ўсім патрэбны. Як толькі нашы партнёры змогуць купляць яго на адкрытым рынку, не будзе ніякіх санкцый, то яны дружна рынуцца купляць, як купляюць цяпер, — працягвае Леў Львоўскі.

А "Белшына" пацярпіць значна мацней. Прадпрыемства скончыла 2020 год з чыстай стратай 191,65 млн рублёў.

"Белшына" — адзін з яркіх прыкладаў ахвяр дзяржаўнай мадэрнізацыі. Захаваецца яна ці не — пытанне да рашэння бягучых дзяржорганаў. Магчыма, рэсурсы, якімі валодае Беларусь, будуць накіраваныя на падтрыманне жыцця на пацярпелых прадпрыемствах. Многія з іх знаходзяцца ў монагарадах, таму дапускаць іх аднамомантавае закрыццё або банкруцтва — гэта сацыяльна і палітычна небяспечна. Таму магчыма, што грошы будуць зразацца з іншых сфер.
 

Сварыцца з Украінай даражэй, чым пакет санкцый

Экспарт ва Украіну ў 2020 годзе склаў $3,1 млрд / Еўрарадыё

Акрамя таго, што па экспарце б'юць санкцыі, з'явіліся рызыкі яго скарачэння і ва Украіну праз выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра Крым. Бо Украіна — другі па велічыні гандлёвы партнёр Беларусі.

Прыкладна восьмая частка нашага экспарту ідзе ва Украіну. Мы ў пэўным сэнсе знаходзімся ў эканамічнай залежнасці ад Украіны. Аляксандр Лукашэнка ўсё гэта выдатна разумеў. І доўгі час Беларусь ніяк не прызнавала Крым расійскім. Гэта быў такі сімвал незалежнай знешняй палітыкі Беларусі. Але Украіна таксама знаходзіцца ў энергетычнай залежнасці ад Беларусі. Асабліва гэта датычыцца нафтапрадуктаў.

Тым не менш для Украіны і ўкраінскіх уладаў, асабліва для ўкраінскага народа пытанне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны — гэта адно з самых важных пытанняў.

Украіна аказваецца ў цяжкім становішчы, але з пункту гледжання ўнутранай палітыкі закрываць вочы на прызнанне Крыма расійскім няпроста, адзначае эксперт.

Крыніцы валютных даходаў растаюць / Еўрарадыё

Таму налета пры экспарце, які падае, Беларусі давядзецца або неяк дамаўляцца з Расіяй, або ўразаць дзяржрасходы.

Налета нам трэба аддаваць больш за тры мільярды долараў знешняга доўгу. У 2023 годзе таксама вялікую суму. Наколькі Расія гатовая або не гатовая выдаваць нам грошы — гэта ўжо пытанне выключна палітычнае. Калі прэзідэнт Пуцін абвясціў апошні крэдыт у 640 мільёнаў долараў, ён абмовіўся, што гэта на паўтара года.

Калі гэта так, то ў 2022 годзе Беларусь будзе ў сітуацыі вельмі цяжкай і крызіснай. Ужо ёсць размовы пра тое, што бюджэт плануецца з дэфіцытам. Плюс даўгі. Яшчэ і санкцыйны ціск, які будзе нам так ці інакш памяншаць наогул выручку і валютную выручку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.