Тавары даражэюць, курсы скачуць: эксперт пра інфляцыю налета

Інфляцыя ў Беларусі​ / Reuters
Інфляцыя ў Беларусі​ / Reuters

Па выніках кастрычніка гэтага года інфляцыя ў гадавым вылічэнні склала 10,5%. Больш за ўсё падаражэлі прадукты — на 12,1%.

Нягледзячы на тое што да канца года кошт некаторых паслуг і тавараў будзе расці — гаворка цяпер пра запланаваныя рэгуляваныя падвышэнні, урад настойвае, што інфляцыя за 2021 год не перавысіць 9%. Нагадаем, што, па прагнозах Нацбанка і ўрада на гэты год, паказчык павінен быў быць на ўзроўні 5%.

На наступны год у Нацбанку прагназуюць інфляцыю не больш за 6%. Эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) не такія аптымістычныя, аднак яны таксама прагназуюць, што ў 2022 годзе рост цэн замарудзіцца і інфляцыя ў Беларусі хоць і будзе самай высокай сярод краін ЕАЭС, але не перавысіць узровень 7,4%.

"У цяперашняй сітуацыі прагноз па інфляцыі шмат у чым пазбаўлены сэнсу"

Товары дорожают, курсы скачут: эксперт об инфляции в следующем году
Дзмітрый Крук

На думку беларускіх экспертаў, прагнозы па інфляцыі рабіць цяпер бессэнсоўна, існуе мноства невядомых.

— У мяне няма адказу на гэтае пытанне, — кажа старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук. — Я лічу, што ў цяперашняй сітуацыі прагноз па інфляцыі ў адрыве ад іншых макраіндыкатараў шмат у чым пазбаўлены сэнсу. Прагназаваць інфляцыю мэтазгодна, калі ёсць дакладнае разуменне мэтаў і межаў дзеянняў Цэнтрабанка.

Зразумела, што ўлады могуць для дасягнення намечаных паказчыкаў па інфляцыі ўжываць шырокі пералік інструментаў. Аднак якое месца цяпер займае інфляцыя ў сістэме прыярытэтаў уладаў? Магчыма, яны самі гэтага не разумеюць.

Таму што там гучаць зусім разрозненыя думкі, супярэчлівыя падыходы і пазіцыі. Гэта накладваецца на вялікую колькасць фактараў, якія інфляцыю могуць разганяць. Атрымліваецца, што перадумоў для высокай інфляцыі і яе паскарэння ў параўнанні з цяперашнім узроўнем шмат. А як на гэта будуць рэагаваць улады, не зусім зразумела. Адпаведна, сцвярджаць, што прагноз рэалістычны або не, я не вазьмуся.

Дзмітрый Крук пералічыў некалькі фактараў, праз якія, як ён думае, інфляцыя налета будзе высокай і разгоніцца, калі з гэтым не змагацца актыўна.

— Інфляцыйныя імпульсы, якія ўжо рэалізаваліся, прывялі да адчувальнага росту выдаткаў у вытворцаў. Калі мы паглядзім на іх структуру, то матэрыяльныя выдаткі істотна апярэджваюць тэмпы росту іншых відаў выдаткаў, а таксама выручкі. Далёка не ў поўнай меры гэта паспела адбіцца на адпускных цэнах. Несці працяглы перыяд такі цяжар на сваіх плячах вытворцы не захочуць і не змогуць. Таму там, дзе вытворцы адносна вольныя ў цэнаўтварэнні, яны ўжо нацэленыя на тое, што нейкі перыяд будуць падвышаць свае адпускныя цэны, — называе першы фактар суразмоўнік.

Адаптацыя цэн да новых рэалій адбываецца з спазненнем не толькі з натуральных прычын, звязаных з механізмамі цэнаўтварэння, але і за кошт таго, што ўлады наўмысна тармозяць рост цэн на шэраг тавараў і паслуг. Эксперт адзначыў, што спектр тавараў і паслуг, цэны на якія яшчэ не паспелі адрэагаваць на імпульсы 2020 года з гэтай прычыны, таксама досыць шырокі.

Напрыклад, 23 лютага 2021 года ўрад падпісаў пастанову №100, якая прадугледжвае жорсткае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары і некаторыя лекі: ёй увялі "столь" па іх росце — не больш за 0,2% у месяц. Праўда, потым на некаторыя пазіцыі іх усё ж дазволілі падняць на больш, скажам, на раслінны алей або малочку. Цяпер дакумент хочуць змяніць: спіс сацыяльна значных тавараў скараціць з 62 да 17 пазіцый.

— Прыбяром бескасцёвае мяса і іншыя пазіцыі, — сказаў у канцы лістапада Аляксандр Субоцін, намеснік кіраўніка ўрада Беларусі. — Застануцца ў спісе малако, хлеб, натуральнамалочная прадукцыя і некаторыя іншыя харчовыя тавары.

Товары дорожают, курсы скачут: эксперт об инфляции в следующем году

— Адміністрацыйным чынам доўга стрымліваць цэны на гэты пашыраны пералік тавараў у цяперашніх умовах не атрымаецца, — тлумачыць Дзмітрый Крук. — Рост цэн можна расцягнуць у часе на год ці два. Аднак адаптаваць іх, падцягваць да таго, што можна назваць натуральным узроўнем, давядзецца. У адваротным выпадку гэта, як я ўжо сказаў, дадатковыя выдаткі, якія кладуцца на вытворцаў. Большасць з іх у гэтым выпадку не змогуць нармальна вырабляць, а таму будуць альбо сціскаць выпуск, альбо шукаць абыходныя шляхі: збыць тавары за межамі краіны, прэтэндаваць на кампенсацыі за кошт бюджэту. Гэта значыць, працяглае падтрыманне дыспрапорцый у цэнах — гэта шлях да перабояў у вытворчасці, таварнага дэфіцыту і нагрузкі на бюджэт.

Трэці важны момант і таксама ўжо як адбыты факт, па словах аналітыка, — гэта актывізацыя крэдытавання, якая адбылася ў жніўні — кастрычніку гэтага года.

— Не так важна, за кошт якіх механізмаў гэта здарылася. Але гэтая актывізацыя крэдытавання разгойдвае попыт, што на фоне высокіх інфляцыйных чаканняў тоіць у сабе небяспеку дадатковага інфляцыйнага імпульсу. Яшчэ вельмі важна, калі мы зазіраем у наступны год, што з высокай доляй імавернасці могуць візуалізавацца і іншыя праінфляцыйныя імпульсы.

Першае — узмацненне стымулявання ўнутранага попыту. Калі паглядзець на планы ўладаў, яны збіраюцца штучна падштурхоўваць рост даходаў насельніцтва, а таксама — у іх тэрміналогіі — запускаць новы інвестыцыйны цыкл. Хоць пакуль гаворка, здаецца, не ідзе пра маштабныя стымулы, у наяўным асяроддзі гэта можа адыграць прыкметную ролю.

Па-другое, адзначае Дзмітрый Крук, крытычнымі могуць стаць новыя цэнавыя шокі і шокі абменнага курса, абумоўленыя тэндэнцыямі ў глабальнай эканоміцы.

— Апошнія два тыдні мы бачылі дастаткова рэзкія скачкі абменнага курса. Але пакуль гэта вярнула курс да ўзроўняў 4-5 месячнай даўніны, а таму ўплыў на дынаміку цэн быў нязначны. Калі ж такія скачкі абменнага курса прывядуць да новых максімумаў, то гэта пацягне за сабой хуткую і рэзкую адаптацыю цэн і можа спарадзіць новы вельмі моцны інфляцыйны імпульс, — працягвае суразмоўнік. — Таксама вельмі імаверна, што налета захаваецца знешні цэнавы ціск. Сёння ў свеце ўсё больш галасоў пра тое, што паскарэнне інфляцыі ў развітых краінах можа стаць не кароткатэрміновым феноменам, а сярэднетэрміновым трэндам. У гэтым выпадку па аналогіі з 2021 годам пад уздзеяннем глабальнага трэнду будзе мець месца рост цэн на сыравіну і камплектуючыя, а таксама і на многія імпартныя тавары канчатковага выкарыстання.

Пры наяўнасці такой вялікай колькасці праінфляцыйных імпульсаў вельмі імавернае і ўключэнне механізма самаздзяйсняльнага прагнозу, абумоўленага спажывецкім паводзінамі пры інфляцыйных чаканнях, якія растуць. Людзі бачаць, што адбываецца імклівы рост цэн, і, выказваючы асцярогі, што ён можа толькі ўзмацніцца, яны актывізуюць свой попыт, спрыяючы яшчэ большаму разгону інфляцыі.

— Каб утрымаць пры гэтым усім інфляцыю ў калідоры паблізу значэнняў, якія называюць Нацбанк і ЕАБР, патрэбныя актыўныя антыінфляцыйныя меры манетарнай палітыкі. Плюс каб у іншых сферах эканамічнай палітыкі праінфляцыйнае ўздзеянне было абмежавана, — падсумаваў эксперт.

Товары дорожают, курсы скачут: эксперт об инфляции в следующем году

У Беларусі ўключылі друкарскі станок? На што могуць спатрэбіцца грошы

Разагнаць інфляцыю можа і, як гэта называецца ў народзе, уключэнне друкарскага станка. Паводле ацэнак некаторых экспертаў і звестак за ліпень, жнівень і верасень па дынаміцы змены грашовай масы, гэта ўжо адбылося. Аднак Дзмітрый Крук адзначае, што пра гэта меркаваць заўчасна.

— Звесткі па рублёвай або шырокай грашовай масе не сведчаць наўпрост пра тое, што ў нас уключылі друкарскі станок. Не заўсёды рост грашовай масы ёсць непасрэдным вынікам манетарных інтэрвенцый уладаў. Са жніўня да кастрычніка сур'ёзны рост грашовай масы быў, але ў гэтага ёсць тры аб'ектыўныя прычыны. Першая — інерцыя таго, што празвалі знешнегандлёвым цудам. Працяглы перыяд бурнага росту экспартнай выручкі прывёў да таго, што больш грошай юрыдычных асоб стала асядаць на рахунках і дэпазітах у банках.

На першых этапах умоўная "звышвыручка" ў большай меры выкарыстоўвалася для чыстых выплат па даўгах, закрыцця наяўных у іх абавязацельстваў. Пасля вялікая частка з яе стала выкарыстоўвацца для ўмоўнай фінансавай падушкі.

Другая прычына — зніжэнне асцярогі і вяртанне ў сістэму часткі грошай насельніцтва і юрыдычных асоб, якія наўмысна выводзілі сродкі з банкаўскай сістэмы ў папярэднія перыяды. Бачачы, што знешнегандлёвы цуд неяк трохі стабілізаваў сітуацыю, наступствы экспартных і фінансавых санкцый праявяцца пазней і нібыта рызыкі зменшыліся, людзі і фірмы часткова зноў панеслі грошы ў банкі. Гэтаму таксама спрыяла паслабленне абмежаванняў па велічыні адсоткавых ставак з боку Нацбанка.

— Трэцяе, што павялічвала шырокую грашовую масу, — гэта размяшчэнне бюджэтных грошай у камерцыйных банках у другім і трэцім кварталах. Гэты механізм можна назваць эмісійным, але ўсё ж гэта не ў поўнай меры класічная манетарная экспансія. Сітуацыя з выкананнем бюджэту дастаткова сур'ёзна палепшылася ў параўнанні з чаканнямі. У другім і трэцім кварталах ён, насуперак прагнозам, стаў прафіцытным.

У гэтыя перыяды ўлады значную частку сродкаў, атрыманых звыш плана, сталі "згружаць" у камерцыйных банках. Рублёвыя звышдаходы, у асноўным звязаныя з квартальнымі плацяжамі па падатку на прыбытак, выкарыстоўваліся такім чынам для стымулявання крэдытавання. Частка валютных уліванняў бюджэтных сродкаў у банкаўскую сістэму, хутчэй, мела на мэце стабілізаваць сітуацыю з валютнай ліквіднасцю банкаў, — расказвае Крук. — Калі рэзюмаваць, так, гэта ўсё прывяло да значнага росту грашовай масы. Аднак толькі частку гэтага росту, і то не ў поўнай меры, можна асацыяваць з мэтанакіраванай манетарнай экспансіяй, што звычайна маецца на ўвазе пад "уключэннем станка".

Хутчэй, я б сказаў, што рост грашовай масы быў аднаўленчы. Па стане на пачатак лістапада гэта было пераважна вяртанне грашовай масы да, у нейкім сэнсе, свайго натуральнага ўзроўню пасля яе экстраардынарнага сціскання ў папярэднія перыяды, звязанага з асцярогамі на фоне палітычных падзей і санкцый.

Товары дорожают, курсы скачут: эксперт об инфляции в следующем году

Аднак суразмоўнік удакладняе, што статыстыкі за лістапад яшчэ няма. А на ўзроўні чутак ходзіць інфармацыя, што "Нацбанк нацэльваўся ці ўжо зрабіў свае накіраваныя ін'екцыі".

— Калі ўлады хочуць падняць на нейкі перыяд паказчыкі даходаў — павялічыць іх у намінальным выражэнні, каб людзі парадаваліся, а потым гэтыя даходы падтачыла інфляцыя, яны могуць уключыць друкарскі станок. Не вазьмуся гадаць, ці захочуць улады чарговы раз наступаць на граблі такім жа чынам.

А вось іншае абгрунтаванне для манетарнай экспансіі — падсілкоўванне рэсурсамі прадпрыемстваў, у якіх нястача ліквіднасці і абаротных сродкаў, — у недалёкай перспектыве, мяркую, мае высокія шанцы спрацаваць. Тут яскравы прыклад — сельская гаспадарка, якая ўладамі разглядаецца ледзь не як стратэгічная галіна. Адпаведна, правал у ёй па валавых паказчыках, які сёлета мае месца, думаю, што для ўладаў гэта вельмі балючая і непрыемная штука.

Аб'ём вытворчасці ў гэтым сектары ў 2021 годзе ўпаў на 10,4%, што яшчэ больш узмацніла тармажэнне беларускай эканомікі. Праз гэту галіну ВУП прасеў на 0,4 адсоткавага пункта.

— А афіцыйнае тлумачэнне якое? Іх два: дрэннае надвор'е (ва ўсіх добрае, а ў нас дрэннае) і ў сельгаспрадпрыемстваў не было вясной дастаткова абаротных сродкаў на закупку ўгнаенняў, — працягвае Дзмітрый Крук. — Таму вось так усё дрэнна атрымалася. Таму я дапускаю, што пад гэтую марку могуць адважыцца на такое стымуляванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі