Усаў: Беларусі пагражае крымскі сцэнар, а смерць Лукашэнкі не выратаванне

Расійскія вайскоўцы ў Беларусі / РИА Новости

Праз ваенныя няўдачы Расія ў якасці кампенсацыі захоча зрабіць Беларусь дэ-факта сваім рэгіёнам. Беларусі гэта нясе інтэнсіўную русіфікацыю і прысутнасць у краіне 20-30 тысяч расійскіх вайскоўцаў, кажа ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў.

Таксама эксперт расказаў, якімі могуць быць сцэнары змены ўлады ў Беларусі і чаму смерць Лукашэнкі не выратаванне. Коратка раскажам пра самае цікавае са стрыму.

У горшым выпадку Беларусь чакае крымскі сцэнар — далучэнне да Расіі і канфіскацыя маёмасці нават у прарасійскіх мясцовых жыхароў, адзначае суразмоўца.

Тое ж самае будзе адбывацца ў Беларусі, як толькі будзе закрытае беларускае пытанне. Будуць канфіскоўваць бізнес, раскрадаць, забіваць. Калі хочаце ўбачыць, як будзе выглядаць твар расійскай палітыкі ў Беларусі — паглядзіце на такую цікавую персону, як Прыгожын [расійскі бізнесовец, стваральнік ПВК "Вагнер". — Еўрарадыё].

А калі Лукашэнка раптам памрэ, можа, гэта зменіць перспектывы Беларусі? У бягучых умовах улада ўсё роўна апынецца ў руках расіянаў, лічыць Павел Усаў.

Ці гэта будзе надзвычайны савет на чале з Вальфовічам [сакратар Савета бяспекі Беларусі. — Еўрарадыё], або потым адбудуцца нейкія выбары. У гэтай сітуацыі, напрыклад, дзяцей Лукашэнкі да ўлады ніхто не дапусціць. Іх хутчэй чакае лёс дачкі прэзідэнта Узбекістана Карымава, якая страціла ўсё, сядзела ў турме і цяпер пад следствам.

Безумоўна, уладу перахопіць Расія, таму што ў яе ўсе рэсурсы. У тым ліку ваенныя, палітычныя і ідэалагічныя. Калі б смерць адбылася, умоўна, у перыяд распаду або ў перыяд замыкання Расіі на сабе, то можна было б пазмагацца за ўладу. Так ці інакш Беларусь чакае турбулентнасць.

А якая ж роля дэмсілаў і беларусаў? Не ўсё ж вырашаць у Беларусі Пуціну.

Адзінае, што можна зрабіць — гэта забастоўка. Нават калі мы разглядаем магчымасць мабілізацыі і ўступлення Беларусі ў вайну, — а гэта значна больш блізкая перспектыва, чым смерць Лукашэнкі.

Гэта не выхад на пратэсты. Гэта элементарна прыпыненне працы ўсіх прадпрыемстваў. Прыпыненне працы ўсіх камунікацый. Ад чыгункі да метро, спыненне працы школ і гэтак далей. Давайце адкажам на пытанне: ці здольныя на гэта беларусы, ці зможам мы пераканаць беларусаў, што гэта важна? Я маю на ўвазе мы як уся дэмакратычная супольнасьць. Даказаць, што гэта адзіны шанец не даць уласным дзецям, родным памерці за нішто, за забойцаў, за Прыгожына, за Пуціна.

Што тычыцца дэмакратычных сіл, то іх становішчу не пазайздросціш. Адказнасці шмат, а людзі стаміліся і хочуць пазітыўных вынікаў дзейнасці Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Трэба разумець, што татальны правал Ціханоўскай і кабінета — гэта будзе татальны правал усёй дэмакратычнай плыні, якая ўзнікла пасля 2020 года. І тыя людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць прадстаўляць Беларусь пасля 2020 года, павінны разумець, што ім гэтага не даруюць. Таму што яны змарнавалі найвелізарнейшы рэсурс, найвелізарнейшы гістарычны шанец і патэнцыял, які ім быў дадзены беларусамі і гісторыяй.

Я не жадаў бы гэтага татальнага правалу, таму што больш ніякім інстытутам такога даверу аказана не будзе. Гэта будзе вычарпанне даверу да ўсіх апазіцыйных структурах і інстытутах, — заключае Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.