Вы тут

Уразіла: фільм Улады Сяньковай "II"

Фрагмент постара фільма "II"

У мінчан засталося ўсяго некалькі дзён, каб паглядзець фільм "II" Улады Сяньковай. Тры сеансы за дзень у трох кінатэатрах у розных канцах горада. Дабрацца да гэтага кіно няпроста: дзеля гадзіннай драмы, што вырасла з кароткаметражкі на падлеткавую тэму, трэба прайсці міма дзявятых "Зорных войнаў" і ўсёй гэтай навагодняй мішуры. Але яно таго варта, паверце.

Я паглядзеў "II" ужо больш за тыдзень таму, і ўсё ніяк не магу сесці і напісаць пра гэты фільм. Ён жорсткі і сумленны. Галоўныя героі — 16-гадовыя Насця (Аліна Юхневіч), Саша (Аляксей Вайніловіч) і Крысціна (Іларыя Шашко) вучацца разам у дзясятым класе. Яны звычайныя падлеткі (урокі, рэпетытары, кіно, вечарынкі, пацалункі) у звычайнай школе (дысцыпліна, кансерватызм). Не хочацца спойлерыць, таму пра сюжэт больш ні слова. Скажу толькі, што ў Беларусі даўно так не здымалі пра школу. А можа быць, і ўвогуле ніколі.

"Хацелася акунуць гледачоў у бруд", — шчыруе на мінскай прэм'еры аператар. Бруд — няправільнае слова. Гледачоў атрымалася акунуць у пячорны дыскамфорт тупасці, баязлівасці і стэрэатыпаў, якія атручваюць жыццё.

З гісторыяй, якую распавядае каманда Сяньковай, проста немагчыма спрачацца. У яе верыш адразу, хаця сцэнарый не заснаваны на рэальных падзеях, а ў герояў фільма не было прататыпаў. Проста яны настолькі знаёмыя, а сама сітуацыя настолькі магчымая (у сэнсе — хоць заўтра можа адбыцца ледзь ці не ў кожнай школе), што робіцца вельмі сумна.

На прэм'еры адна глядачка ўстае і кажа: "Я мама падлетка. Гэты фільм трэба паказваць школьнікам". А мне хочацца дадаць: і іх бацькам таксама. І настаўнікам. І ўсім, хто дакладна ведае за іншых, "як трэба". І ўсім, каму не пляваць на тое, чым жывуць старшакласнікі. На тое, пра што неяк не прынята казаць, калі гаворка ідзе пра школу: пачуцці, адказнасць, булінг, стыгматызацыя. А казаць трэба.

Улада Сянькова ў студыі Еўрарадыё

Шляхі, якімі ідзе беларускае незалежнае кіно, здзіўляюць і захапляюць адначасова. Каманда Улады Сяньковай атрымала фінансаванне на кароткаметражку і змагла зняць за гэтыя сродкі поўны метр. Рэжысёр прызнаецца, што пасля ўзгаднення сцэнар быў увесь у "чырвоных праўках", але фільм атрымалася адстаяць.

За шэсць здымачных дзён не было знята ніводнай лішняй сцэны — спатрэбілася літаральна ўсё. Пры гэтым "II" атрымаўся настолькі шчыльнай стужкай, што з яго немагчыма выняць ніводнага дыялогу.

"Часу на рэпетыцыі не было, стэлефаноўваліся з Уладай ноччу па скайпе", — прызнаецца Аліна Юхневіч, якая сыграла ў фільме цэнтральную ролю. Здымачныя змены доўжыліся па 18-19 гадзін. Фота для постара рабілі на каленцы — Аліна павінна была тэрмінова з'ехаць, і трэба было нешта хутка прыдумаць. Выканаўцу галоўнай мужчынскай ролі Аляксея Вайніловіча намазалі маскай для твару і сфатаграфавалі разам з Алінай.

Што азначае гэты постэр? Два фрыка у свеце, дзе так складана быць непадобным да іншых. Дзве родныя душы, дзве лініі жыцця. Назва ў фільма выдатная: вы не зможаце прадставіць усіх укладзеных у яе значэнняў, пакуль не паглядзіце.

"Пасля фільма мне казалі, што майго персанажа хочацца забіць... — прызнаецца акторка Іларыя Шашко. — Хацелася б верыць, што да Крысціны дайшло, што яна зрабіла, і што яна пасля гэтага стала іншым чалавекам".

Вы даўно выходзілі з кінатэатра іншым чалавекам? Не абяцаю, што "II" зменіць вашы погляды ці, наадварот, дазволіць нешта сабе даказаць. Але верагоднасць ненулявая.

Улада Сянькова пра фільм "ІІ": вялікае інтэрв'ю

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.