Вы тут

"Умовы дзікія": лакальнае пекла для дальнабойшчыка ў пункце пропуску "Катлоўка"

Чарзе не відаць канца / Еўрарадыё

Шматкіламетровыя чэргі з фур на мяжы Беларусі з ЕС выстраіліся да панядзелка 11 кастрычніка ў многіх пунктах пропуску. Кіроўца велікагруза Дзмітрый стаіць у пункце "Катлоўка" некалькі дзён. Ён лічыць, што на гэтым тыдні віна за затор цалкам ляжыць на беларускіх памежніках.

— У іх зляцела нейкае там праграмнае забеспячэнне, і яны быццам бы ўсё афармляюць уручную. Я пытаюся ў хлопцаў сваіх, а мне кажуць: не, яны сядзяць усё ў камп'ютар уводзяць, — расказвае Еўрарадыё мужчына. — На тым тыдні з літоўскага боку была праблема. Вось яны паміж сабой: то адны, то другія. А пакутуюць простыя кіроўцы.

Я зараз адстаю пяць дзён. За гэты час я мог зрабіць той жа рэйс, зарабіць тых жа, груба кажучы, 500 долараў. А зараз я нічога не зараблю, а проста праем грошы. Ні мне, ні сям'і ніякіх грошай, — наракае Дзмітрый.

Фуры замерлі ў чаканні / Еўрарадыё

Кіроўца кажа, што падысці ўшчыльную да пункта пропуску нельга: памежнікі не рады такім візітам дальнабойшчыкаў.

— Калі будзеш хадзіць пешшу, дык яшчэ каб памежнікі не пакаралі. Маўляў, парушэнне рэжыму, "чаго вы тут ходзіце".

Дальнабойшчык не выключае, што заторы ствараюць штучна. У такім выпадку кіроўцы спяшаюцца праехаць хутчэй, памежнікі спяшаюцца пазбавіцца ад галаўнога болю ў выглядзе шматкіламетровага дарожнага затору — і як вынік фуры правяраюцца менш старанна. А для кантрабандыстаў гэта добры шанц непрыкметна правезці тавар.

— Сто адсоткаў гэта ўсё штучна ствараецца. Я так разумею, што гэта проста адгаворкі наконт праграмнага забеспячэння, усё гэта лухта. Ды яшчэ і ўмовы для кіроўцаў ствараюць проста дзікія.

Памыцца абсалютна няма дзе. Хадзіў учора на запраўку, кажу, маўляў, дайце, калі ласка, у душ схадзіць, стаю ўжо пяць дзён. "Ну вы разумееце, даём душ толькі тым, хто запраўляецца". Калі прапаную грошы — "У нас такой паслугі няма". Побач ёсць гатэль, але ён закрыты. У прыбіральню таксама ўсе па-рознаму: хто на запраўку, хто ў лес. І грошы ўжо канчаюцца, а абменніка тут нідзе няма. Добра яшчэ, што часам абеды прывозяць.

Стаянка па электроннай чарзе / Еўрарадыё

Па словах мужчыны, на стаянцы зоны чакання "Катлоўка" пракручваюць маштабныя шэрыя схемы.

— Карацей, прыватнік выкупіў тэрыторыю, прадае месцы і зарабляе на гэтым грошы. Тут [у Катлоўцы. — Еўрарадыё] адкрылі назапашвальнік абсалютна для ўсіх машын. Па электронным браняванні — гэта каштуе 29 рублёў — ты можаш купіць сабе месца ў чарзе. Калі ты спазніўся, то цябе павінны паставіць у канец жывой чаргі. Але некаторыя неяк так хітра робяць — ці то ідуць даплачваюць, ці то яшчэ што — і ўсё роўна становяцца на прапушчанае месца.

Усе сварацца, усе незадаволеныя. Гэтая стаянка прыватная, яе нібыта выкупіў нейкі нярускі, турак. Я тэлефанаваў у Памежны камітэт, кажу: хлопцы, што гэта такое? За грошы прапускаюць, а жывая чарга стаіць! Мне адказваюць, маўляў, гэта не наша кампетэнцыя, гэта ў "Белмытнясэрвіс". Тэлефаную ў "Белмытнясэрвіс", а там мне кажуць " Ну вы разумееце, мы нібыта адносімся да іх [да зоны чакання. — Еўрарадыё], але гэта прыватная асоба, тэлефануйце ім і разбірайцеся там".

"Абнаўленне мытных баз звестак, якое праводзілася ў пятніцу, паўплывала на колькасць велікагрузаў перад пунктамі пропуску", — так у панядзелак, 11 кастрычніка, напісалі ў тг-канале Памежнага камітэта. "На цяперашні момант афармленне транспартных сродкаў цалкам адноўлена і ажыццяўляецца ў штатным рэжыме".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.