"Уляцела дубінка са шклом": як сілавікі разнеслі машыну на Арлоўскай

Сяргей, кіроўца разбітага сілавікамі аўтамабіля
Сяргей, кіроўца разбітага сілавікамі аўтамабіля

Не засталося ніводнай цэлай шыбы: так у ТГ-каналах апісваюць машыну, у якую сілавікі стралялі на вуліцы Арлоўскай падчас маршу "Народнага Ультыматуму". Відавочцы расказваюць, што спачатку "фальксваген", у якім сядзелі кіроўца і чацвёра пасажыраў, разбівалі дубінкамі. А калі аўто рванула з месца, пачуліся стрэлы.

— Я сядзела з правага боку, і мне ўляцела дубінка са шклом. Я нават не зразумела, што гэта, — расказвае Еўрарадыё Кацярына С., якая была ў гэтай машыне. — Калі паляцела шкло, я закрычала. Сяргей паспрабаваў з'ехаць, мы праехалі літаральна метраў шэсць, увесь гэты час па нас стралялі. Мы выехалі на трамвайныя пуці і там спыніліся.

Машыну пачалі крышыць з усіх бакоў, разбілі ўсё цалкам. Я сама адчыніла дзверы, стала крычаць, каб да мяне не дакраналіся. Усіх паклалі на зямлю, збілі Сяргея. Наляцелі на сына, але я прысела на калені і закрыла яго рукамі: "Не біце, гэта маё дзіця! Гэта мой сын!"

“Влетела дубинка со стеклом”: как силовики разнесли машину на Орловской
Кацярына С.

Кацярына — маці шасцярых дзяцей. У той дзень яна вярталася з дачы. Сваёй машыны ў жанчыны няма, таму яна папрасіла падвезці яе свайго сябра Сяргея К., дачка якога займаецца англійскай разам з дачкой Кацярыны. Цяпер Сяргей — у валанцёрскіх спісах тых, хто пасля маршу трапіў у мінскі ізалятар у завулку Акрэсціна.

Жанчына кажа, што ўдзельнічаць у мітынгу ніхто не збіраўся.

— Я разам з Сяргеем і сынам прыехала на Арлоўскую. Сын папрасіў, каб мы забралі там яго сябровак. Калі мы туды прыехалі, там ужо нічога не было перакрыта. Гэта было прыкладна ў 17:40. Мы заехалі ў двор дома, нікога побач не было — ні міліцыі, ні АМАПа. Сяргей са Стасам пайшлі сустракаць дзяўчат. Калі яны селі ў машыну, Сяргей нават не паспеў яе завесці, — успамінае Кацярына С.

“Влетела дубинка со стеклом”: как силовики разнесли машину на Орловской
Кіроўца "фальксвагена" Сяргей К. з сям'ёй

Кацярына лічыць, што цікавасць да машыны з'явілася ў сілавікоў праз тое, што Сяргей быў у балаклаве.

— Ён зваршчык. Да таго ж ён паголены, і яму зручна замест шапкі і павязкі насіць балаклаву. Да таго ж я не вельмі здаровы чалавек, і мне нельга заразіцца каранавірусам. Калі ён ездзіць са мной, ён заўсёды надзявае альбо балаклаву, альбо маску. Але наўрад ці яны [сілавікі. — Еўрарадыё] бачылі, што ён сядзіць у машыне ў балаклаве — яны ж наляцелі ззаду.

Пра тое, што Сяргей затрыманы, можна меркаваць па артыкуле пра марш, які ўвечары 25 кастрычніка выйшаў на сайце sb.by. У ім ёсць два відэа, на якіх мужчына расказвае, што балаклаву яму выдалі на працы, ён носіць яе праз каранавірус, а сілавікі напалі на яго машыну, ледзь толькі ў яе паспелі сесці дзяўчаты.

Пасля "краш-тэста" сілавікі паклалі ўсіх пасажыраў "фальксвагена", акрамя Кацярыны, тварам у асфальт, затрымалі і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Машыну даставілі туды ж.

— Забралі нас у 18 гадзін 25 кастрычніка. Да пяці раніцы пратрымалі ў Цэнтральным РУУС. Потым адвезлі на Акрэсціна. Мы не елі, не спалі. Мяне ў пятніцу толькі выпісалі з лякарні, і калі я стала скардзіцца на здароўе, мяне судзілі і адпусцілі, — працягвае Кацярына. — Машына стаіць на стаянцы Цэнтральнага РУУС. Мне сказалі, што мне будзе тэлефанаваць следчы, каб даведацца пра падрабязнасці. Але куды ён будзе тэлефанаваць, калі ў мяне забралі тэлефон, я не ведаю.

Пра лёс сваіх таварышаў па няшчасці жанчына не ведае. Яна нават не ведае, дзе цяпер знаходзіцца яе сын.

— Мне прысудзілі тры артыкулы — усе адміністрацыйныя. Далі штраф 30 базавых. Я нічога не падпісвала. Сына сёння аб 11-й гадзіне судзілі, але я не магу знайсці, дзе ён цяпер.

Жанчына просіць дапамагчы знайсці відэа з месца затрымання. Паводле яе слоў, вакол было шмат людзей, якія маглі здымаць "аўтакрашынг".

— Калі ўсё гэта адбывалася, я была ў шоку. Глядзела па баках і бачыла, як шмат людзей здымалі наша затрыманне. Хлопец, якога прывезлі раніцай у Цэнтральнае РУУС, сказаў, што яго жонка здымала, як нашу машыну абступілі і сталі разбіваць шыбы.

Калі вы былі відавочцам гэтых падзей, а таксама калі вы маеце інфармацыю пра тое, дзе цяпер знаходзяцца ўдзельнікі затрымання на Арлоўскай, просім дасылаць інфармацыю ў наш "Тэлеграм" @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі