Вы тут

Уладзімір Макей прыгразіў замежным СМІ, акрэдытаваным у Беларусі

Уладзімір Макей / СТБ

Калі Еўрасаюз увядзе санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі, афіцыйны Мінск прыме крокі ў адказ. Яны могуць закрануць замежныя СМІ, акрэдытаваныя ў Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Кіраўнік беларускай дыпламатыі адзначыў, што 21 верасня міністры замежных спраў краін-чальцоў Еўразвязу будуць абмяркоўваць пытанне пра санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі. Афіцыйны Мінск, па яго словах, гатовы даць адказ. 

"Натуральна, у выпадку, калі будуць прынятыя нейкія санкцыйныя меры ў дачыненні да Беларусі, то, думаю, і беларускай дзяржавай будуць прынятыя адпаведныя крокі, звязаныя з унутрыпалітычным функцыянаваннем дзяржаў. Гэта можа датычыць і палітычнай сістэмы, і функцыянавання замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі, і шэрагу іншых крокаў", — цытуе словы Макея тэлеканал СТБ.

Напярэдадні Еўрапарламент прызнаў Каардынацыйную раду часовым прадстаўніком народа Беларусі і заклікаў замарозіць перавод грошай з ЕС дзяржаўным і кантраляваным дзяржавай арганізацыям Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.