Уладзімір Мацкевіч: Дэпутаты палаткі да Еўропы пакуль не дараслі

Група дэпутатаў польскага сейму хацела б разгледзець пытанне аб стварэнні беларуска-польскай парламенцкай групы. У святле пацяплення адносінаў паміж Беларуссю і Еўропай якія ёсць шансы для беларускага парламенту быць прызнаным?
Кіраўнік польскай парламенцкай групы ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч лічыць, што неабходнасці ў міжпарламенцкай групе няма. Таму пытанне застаецца адкрытым.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што беларускія парламентарыі наўпрост не гатовыя да такой супрацы:

“Дэ-факта палатка прызнаная, і прызнаная ўжо досыць доўга. Іншая справа, што беларускі парламент марудзіць поўнае прызнанне і супрацу з еўрапейскімі парламентарыямі. Таму я магу зразумець польскі сейм і з таго, і з іншага боку. З аднаго боку, трэба супрацоўнічаць з беларускім парламентам, каб яго трохі падштурхнуць да пераменаў, а з іншага боку – зразумела, наколькі беларускі парламент і парламентарыі асабіста не гатовыя да такой супрацы”.

Спачатку парламентарыям трэба падвучыцца, бо пакуль іх кваліфікацыя недастатковая - кажа спадар Мацкевіч:

“Канечне, трэба было б правесці навучанне – такое масіраванае і шчыльнае навучанне беларускіх парламентарыяў, таму што яны, на жаль, проста функцыянальна непісьменныя для ўдзелу ў еўрапейскіх працэсах”.

Каб наблізіцца да сапраўднага, юрыдычнага прызнання, варта сапраўды спачатку ствараць такія міжпарламенцкія групы, мяркуе палітолаг:

“Палатка фактычна, дэ-факта, прызнаная. Цяпер трэба проста зрабіць крокі да юрыдычнага прызнання, і галоўнае – да рэальнага супрацоўніцтва. А такія крокі магчымыя толькі паступова. Спачатку, сапраўды, стварэнне нейкіх такіх сумесных рабочых групаў. Гэта быў бы вельмі добры крок”.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі