Улады Масквы зацвердзілі тэрміны правядзення "Еўрабачання"

Улады Масквы зацвердзілі тэрміны правядзення музычнага конкурсу "Еўрабачанне" і звязаных з ім мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў сталіцы ўвесну. Аб гэтым паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу ў гарадской адміністрацыі. Па словах прадстаўніка мэрыі, Юры Лужкоў падпісаў распараджэнне, паводле якога конкурс пройдзе з 1 па 16 траўня 2009 году.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця "Еўрабачання" адбудзецца 9 траўня ў 20:00 на Ўніверсітэцкім пляцы на Вераб'ёвых гарах. Паўфіналы конкурсу будуць праходзіць 12 і 14 траўня. Урачыстае закрыццё "Еўрабачання-2009" адбудзецца ў дзень фіналу, 16 траўня, у спартовым комплексе "Алімпійскі".

Паведамляецца, што за два месяцы да пачатку конкурсу ў Маскву прыедуць афіцыйныя прадстаўнікі краін-удзельніц конкурсу для таго, каб абгаварыць арганізацыйныя пытанні, якія тычацца падрыхтоўкі да "Еўрабачання". Прадстаўнікі гарадской адміністрацыі адзначылі таксама, што ў тым выпадку, калі арганізатары музычнага конкурсу палічаць неабходным занесці змены ў графік працы наземнага транспарта і метрапалітэна, улады Масквы пайдуць ім насустрач.

Урадавую групу па падрыхтоўцы і правядзенню "Еўрабачання" у Маскве ўзначаліў намеснік мэра Масквы Валеры Вінаградаў. Паведамляецца, што грашовыя сродкі, неабходныя для арганізацыі конкурсу, будуць узятыя з федэральнага і сталічнага бюджэтаў. Плануецца, што частка выдаткаў будзе пакрытая за кошт прыцягнення спонсарскіх сродкаў.

Нагадаем, што 21-га лістапада скончыўся прыём заявак на ўдзел у "Еўрафэсце" - беларускім адборы на "Еўрабачанне-2009".

Фота: www.interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі