Улады ДНР заявілі, што пачнуць адводзіць узбраенні 24 лютага

Непасрэдны адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі судакранання на ўсходзе Украіны пачнецца 24 лютага. Пра гэта журналістам паведаміў прадстаўнік Мінабароны так званай "Данецкай народнай рэспублікі" Эдуард Басурын. "Сёння ў нас ідуць падрыхтоўчыя працы. Заўтра свята, а з 24 чысла рэальна пачнецца адвод тэхнікі", — перадае РБК яго словы.

Нагадаем, што адвод цяжкіх узбраенняў — адзін з пунктаў мінскіх дамоўленасцяў ад 12 лютага. З 15 лютага паміж украінскімі войскамі і сепаратыстамі так званых "ДНР" і "ЛНР" дзейнічае рэжым спынення агню. Аднак адвод цяжкога ўзбраення ніводзін з бакоў яшчэ не пачынаў.

Паведамляецца таксама, што ў ноч на 22 лютага кіраўнікі "ДНР" Аляксандр Захарчанка і "ЛНР" Ігар Платніцкі падпісалі план па адводзе цяжкіх узбраенняў у прысутнасці прадстаўніка Расіі Аляксандра Лянцова.

Афіцыйны Кіеў таксама пацвердзіў, што з 22 лютага пачынае адвод цяжкіх узбраенняў.

Ілюстрацыйнае фота — lifenews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі