Улады апублікавалі праект закона аб амністыі

"Палітычным" сёлетняя амністыя не свеціць / pixabay.com

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале нарэшце апублікавалі праект закона аб амністыі. Яе прымяркоўвалі да "Дня народнага адзінства", але законапраект падалі ў Палату прадстаўнікоў толькі некалькі дзён таму.

Генпракурор Андрэй Швед раней казаў, што пад амністыю трапяць каля 8000 зняволеных.

Але ўжо цяпер бачна, што "палітычныя" пад амністыю не трапляюць: паслабленняў па найбольш распаўсюджаных "палітычных" артыкулах Крымінальнага кодэкса у законапраекце не прадугледжана. Гаворка ідзе пра такія артыкулы, як арт. 130 (распальванне варожасці), 293 (масавыя беспарадкі), 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), 368 (абраза Лукашэнкі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Таксама амністыя не закране тых, хто мае дачыненне да "экстрэмісцкай дзейнасці", "тэрарыстычнай дзейнасці", а таксама тыя, хто "злосна парушае вызначаны парадак падчас адбывання пакарання ці іншых мераў крымінальнай адказнасці".

Дарэчы, як адзначалі праваабаронцы, апошнія тыдні "палітычных" асуджаных у вялікай колькасць праганяюць праз ШІЗА і карцары, даюць ім спагнанні і залічваюць у "экстрэмісцкія" і нават "тэрарыстычныя" спісы. Прычым робіцца гэта паводле надуманых падставаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.