“Улада перайграла апазіцыю не адміністрацыйным рэсурсам, а тэхналагічна”

11 студзеня ў мінскім Доме прэсы беларускія палітолагі сабралі круглы стол, каб прадставіць свой погляд на выбарчую кампанію і апазіцыйную акцыю 19 снежня. Мяркуючы па складзе экспертаў, погляд гэты мусіў быць ушчыльную блізкім да афіцыйнага.

Так і атрымалася. Праўда, Юрый Царык, кіраўнік Беларускай групы развіцця, на круглым стале так і не з’явіўся. Права пачаць мерапрыемства палітолаг Юрый Шаўцоўсаступіў галоўнаму рэдактару часопіса “Беларуская думка”, адказнаму сакратару Беларускага саюза журналістаў Вадзіму Гігіну:

“Гэтыя выбары пацвердзілі эфектыўнасць палітычнай сістэмы, што дзейнічае ў Беларусі, яе ўстойлівасць, яе стабільнасць, давер з боку большасці грамадзянаў і падтрымку той палітыкі, якую праводзіць улада, што дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Аляксандрам Лукашэнкам”, — сказаў апошні.

Калі пераказаць прамову Вадзіма Францавіча ў некалькіх тэзісах, дык атрымаецца наступнае:

1. Зважаць трэба толькі на тыя вынікі выбараў, якія агучыў Цэнтрвыбаркам. На“альтэрнатыўныя” звесткі звяртаць увагу нельга, бо “ніякай заканадаўчай базай, акрамя галаслоўных заяваў” яны не пацвярджаюцца.
2. Пратэстны электарат у Беларусі ёсць, “і гэта не толькі тыя 20%, якія прагаласавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў ці выказаліся супраць усіх”. Да яго “ці, калі казаць з пазіцыі дзеючай улады, групаў рызыкі” не належыць ніводны пэўны сацыяльны слой. Хіба што “прадпрымальніцкае саслоўе”, што млява пратэстуе ў сваіх катэджах за келіхам добрага віскі. 

А найперш пратэстны электарат складае “ультранацыяналістычна арыентаваная група грамадзянаў”. “Заідэалагізаваная, з элементамі таталітарнага мыслення, абсалютным непрыняццем іншага пункту гледжання, арыентацыяй на пэўную сімволіку. Гэта такая, я б сказаў, у старым разуменні гісторыка-культурная, ці, хутчэй, ідэалагічная Фронда”, — так Вадзім Гігін характарызуе прыхільнікаў Партыі БНФ .

Яшчэ адна нешматлікая пратэстная групоўка — гэта людзі “русафільскай накіраванасці”, незадаволеныя апошнімі канфліктамі з Расіяй.

Што датычыцца апазіцыі, дык “выбары прэзідэнта ў 2010 годзе з’яўляюцца для беларускай апазіцыі цалкам правальнымі. Улада перайграла іх не столькі адміністрацыйным рэсурсам, колькі тэхналагічна”, — адзначыў Вадзім Гігін. Вядома, дзіўна чуць, што альтэрнатыўным кандыдатам падчас перадвыбарнай гонкі давялося супрацьстаяць не іншаму кандыдату — дзеючаму прэзідэнту краіны — а цэлай уладзе. 

Паступова сп. Гігін дайшоў да вечара 19 снежня. “Два асноўныя сцэнары гэтых падзеяў можна разглядаць. Ці гэта сапраўдны была спроба дзяржаўнага перавароту, ці імітацыя з мэтай апраўдання электаральнага правалу перад замежнымі спонсарамі”.

“На жаль, падчас падзеяў 19 снежня адбыўся адкат у адносінах з Захадам, — праз некалькі хвілінаў развіў апошнюю думку Юрый Шаўцоў— Я думаю, што гэты адкат звязаны з пакуль яшчэ — пакуль ідзе следства — не зусім зразумелай роляй некаторых заходніх дзяржаў ва ўсіх падзеях, што адбыліся 19 снежня”.

Распавядаючы пра колькасць людзей на Плошчы, Вадзім Гігін спаслаўся на аўтарытэтнае нямецкае выданне Spiegel, паводле якога мітынгоўцаў было блізу 10 тысяч. Еўрарадыё пацікавілася: калі гэтая лічба — слушная, дык чым вытлумачыць тое, што беларускія тэлеканалы казалі пра тры ці чатыры тысячы дэманстрантаў?

“Колькасць [дэманстрантаў] вар’іравалася ад 3-4 да 10-11 тысяч чалавек. У розны час было па-рознаму”, — адказаў сп. Гігін. Сам ён прыйшоў на плошчу Незалежнасці праз некалькі хвілінаў пасля таго, як АМАП скончыў зачыстку. 

Але не ўсё так безнадзейна ў беларускай апазіцыі. На думку Вадзіма Гігіна, прынамсі, двух сваіх мэтаў яна падчас леташняй выбарчай кампаніі дасягнула. Па-першае, правяла самую буйную дэманстрацыю за апошнія некалькі гадоў. А па-другое, правяла актыўную кампанію ў інтэрнэце. Праўда, мяркуе палітолаг, такім чынам была створаная толькі “імітацыя напружання ў грамадстве”.

Фота:
 Сайт выпускнікоў мінскай Сувораўскай вучэльні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі